Навіны

Навіны
Літаратура
Прэм’ера фільма “Скарына. Дзеля Бога і людзей”
21 верасня 2017

28 верасня а 19:30 адбудзецца прэм’ера чатырохсерыйнага мастацка-публіцыстычнага фільма “Скарына. Дзеля Бога і людзей”. Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў падарунак гледачам у выглядзе дакументальнага кіно, створанага ў самай вялікай студыі медыяхолдынга “600 метраў”.

Новы мастацка-публіцыстычны фільм вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі “Скарына. Дзеля Бога і людзей” з’яўляецца знакавым для ўсёй краіны. Кожны беларус ведае імя першадрукара, але гэтым, як правіла, і абмяжоўваюцца веды пра Францыска Скарыну. Аўтары фільма пакажуць, у чым подзвіг асветніка з Полацка, чым ён быў апантаны, чаму з’яўляўся непажаданым для грамадства.

Дакументальнае кіно “Скарына. Дзеля Бога і людзей” увабрала архіўныя звесткі, пастановачныя кадры з адлюстраваннем падзей XVI стагоддзя, развагі гісторыкаў і літаратуразнаўцаў. Гэта 4 серыі па 26 хвілін, дзе не пераказваецца біяграфія Францыска Скарыны, у якой шмат белых плям, а паказаны розныя варыяцыі падзей таго часу.

Сучасны святлодыёдны экран плошчай 200 квадратных метраў і прафесійнае абсталяванне студыі дазваляюць трапіць у Пражскую бібліятэку, у Вільню, ці ў Маскву ў полымі... Для стварэння атмасферы Рэнесансу мастакі перагледзелі сотні літаратурных і мастацкіх дакументаў. На здымачнай пляцоўцы былі ўзноўлены адпаведныя часу касцюмы, бутафорскія друкарскі станок і фаліянты скарынаўскіх выданняў. У фільме неаднаразова з’яўляюцца пясочны гадзіннік і драўлянае кола як сімвалы бясконцасці. Спецыяльна для дакументальнага кіно быў запісаны саўндтрэк у стылі эпохі Адраджэння.

Вядучы праекта - заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Генадзь Давыдзька. Ён не толькі агучвае з уласцівай яму акцёрскай харызмай архіўныя звесткі і малавядомыя факты, але і служыць правадніком паміж эпохамі ў пастановачных сцэнах, часам уступае ў дыялог з персанажамі.

У фільме “Скарына. Дзеля Бога і людзей” ролі выконвалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, маладыя акцёры сталічных тэатраў, заслужаныя і народныя артысты.

Рэжысёр Андрэй Леўчык паставіў задачу паказаць першадрукара маладым і адукаваным, сучасным і цікавым гледачу. У пастановачных кадрах выкарыстаны тэатральныя прыёмы, калі маладыя людзі ў джынсах і майках апранаюць дэталі касцюмаў рэнесанснай эпохі, каб стварыць імпрэзу.

Фільм “Скарына. Дзеля Бога і людзей” - гэта не гістарычная інсталяцыя, а тэатральнае ўзнаўленне падзей. У гледача з’явіцца магчымасць не толькі болей даведацца пра Скарыну, але і пафантазіраваць, як ён мог выглядаць сёння, ці магла адбыцца сустрэча полацкага генія з бацькам Рэфармацыі Марцінам Лютэрам, кім першадрукар мог стаць у ХХІ стагоддзі - айцішнікам ці прадпрымальнікам.

Тэлеканал “Беларусь 3” прапануе гледачам бліжэй пазнаёміцца з асобай першага на ўсходнеславянскіх землях перакладчыка Бібліі, доктара медыцыны, гуманіста і асветніка Францыска Скарыны. Першая серыя мастацка-публіцыстычнага фільма ў эфіры сацыякультурнага канала - 28 верасня а 19:30.