Навіны

Навіны
Тэлебачанне
"Беларусь 3" працягвае здымкі "Арт-гісторый"
18 сакавіка 2019

Тэлеканал "Беларусь 3" пачаў здымкі другога сезона праекта "Арт-гісторыі", у якім пра шэдэўры выяўленчага мастацтва са збору Нацыянальнага мастацкага музея расказваюць яго навуковыя супрацоўнікі.

Сярод аўтараў праекта - старшы навуковы супрацоўнік музея, знаўца старажытнабеларускага мастацтва Дзмітрый Салодкі; даследчыца рускага і беларускага мастацтва XIX-XX стст., старшы навуковы супрацоўнік Надзея Усава; навуковы супрацоўнік, усходазнавец Мікіта Моніч; вядучы навуковы супрацоўнік Наталія Сяліцкая, загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва Кацярына Ізафатава.

"Арт-гісторыі" - гэта цыкл адукацыйных лекцый пра жамчужыны мастацкага музея: ад старажытных ікон  да ўнікальных узораў рускага, еўрапейскага і ўсходняга мастацтва XIX-XX стагоддзяў. Лектары прасачылі агульнасусветны след таго ці іншага твора, суаднеслі перыяд стварэння з гістарычным кантэкстам і гатовы падзяліцца гэтай інфармацыяй з гледачамі нашага тэлеканала", - гаворыць выканаўчы прадзюсар "Беларусь 3" Сяргей Кацьер. 

Нагадаем, прэм'ера праекта "Арт-гісторыі", прымеркаванага да 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея, адбылася ў канцы студзеня. Выпускі выходзяць на тэлеканале па нядзелях а 19:35. А ў аўторак на нашым сайце з'яўляюцца падкасты - аўдыяверсіі нядзельных лекцый, зручныя для праслухоўвання ў любы час і на любым прыстасаванні  з выхадам у інтэрнэт.