Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Фіналы адбораў на "Славянскі базар у Віцебску" на "Беларусь 3"
22 сакавіка 2019

23 і 24 сакавіка тэлеканал "Беларусь 3" пакажа фіналы адборачных тураў удзельнікаў Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2019" і ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2019" адпаведна. Мерапрыемствы пройдуць у фармаце двух вялікіх гала-канцэртаў. 

За права прадставіць краіну на найбуйнейшым музычным форуме будуць змагацца па дзесяць дарослых і юных выканаўцаў з розных рэгіёнаў краіны, дапушчаных да ўдзелу арганізатарам конкурсу - Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

У фінале адборачнага тура да XXVIII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2019" выступяць Таццяна Валачко, Іван Зданюк, Ягор Канашонак, Крысціна Кашперка, Яўген Калодка, Карына Ромыш, Аляксандр Саванец, Андрэй Цямчык, Дар'я Хмяльніцкая і Аліна Чыжык.

Фіналістамі адборачнага тура да XVII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2019" сталі Марыям Абдэлькадэр, Марыя Альхафез, Ксенія Галецкая, Зібар Ганбарава, Марыя Гулевіч, Крысціна Жура, Стэфанія Круглая, Лізавета Немудракіна, Марыя Пацёмкіна і Міхайліна Хвясюк.

Ацэньваць выступленні ўдзельнікаў на фінальным этапе будзе прафесійнае журы, у склад якога ўвойдуць вядучыя спецыялісты ў галіне эстраднага мастацтва, прадстаўнікі дзяржаўных органаў і ўстаноў культуры, папулярныя артысты беларускай эстрады, музычныя прадзюсары, кампазітары, мастацкія кіраўнікі, дырыжоры і рэжысёры. Судзейскую калегію адборачнага тура дзіцячага конкурсу ўзначаліць старшыня ГА "Беларускі саюз кампазітараў" Алена Атрашкевіч. Старшынёй дарослага конкурсу стане дырэктар - мастацкі кіраўнік ДУ "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь", народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг. 

Тэлеверсію фіналу адборачнага тура ўдзельнікаў Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2019" "Беларусь 3" пакажа 23 сакавіка а 14:30. А тэлеверсія фіналу адборачнага тура ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2019" будзе прапанаваная ўвазе гледачоў 24 сакавіка а 14:30.