Навіны

Навіны
Музыка
Да 200-годдзя Станіслава Манюшкі
3 чэрвеня 2019

30 траўня ў межах Міжнароднага навукова-практычнага форуму “Мастацкая прастора Еўропы XIX-XX стст. і Станіслаў Манюшка: гісторыя, сучасны стан” тэлеканал "Беларусь 3" правёў прэзентацыю новай дакументальнай стужкі “Залатыя рыбкі музыкі Станіслава Манюшкі”.

У 2019 годзе Беларусь святкуе 200-годдзе з дня нараджэння выдатнага кампазітара і дырыжора Станіслава Манюшкі. Ён стаў не толькі класікам айчыннай музыкі ХІХ стагоддзя, але і класікам сусветнага маштабу. Ён выявіў творчы патэнцыял самых розных музычных жанраў, прычым як свецкіх твораў, так і твораў духоўных.

Вядомым кампазітар стаў менавіта дзякуючы операм і песням. Станіслава Манюшку лічаць пачынальнікам беларускай і польскай оперы. Ён жа, абапіраючыся на беларускі фальклор, здолеў змяніць і музычны ландшафт з пазіцыі хатняга музіцыравання. На вершы найлепшых тагачасных паэтаў Манюшка пісаў свае песні (а іх назбіралася каля трохсот!). Звыш таго, Станіслава Манюшку можна назваць найбуйнейшым літургічным кампазітарам XIX стагоддзя.

“На жаль, музыка Манюшкі рэдка гучыць у Беларусі. Дык ці не згубілі мы свайго творцу? Ці ведаем, які вялізарны ўклад зрабіў ён у айчынную культуру? Ці не зараслі травою забыцця шляхі, па якіх ён хадзіў, і месцы, дзе жыў? У пошуках Манюшкі мы перш адправіліся на Міншчыну, у вёску Убель, дзе калісьці нарадзіўся класік”, - распавядае аўтар фільма Алеся Зелянко.

Вёска Убель, пасёлак Азёрны, гарадскі пасёлак Смілавічы, горад Чэрвень, аграгарадок Алесіна, вёска Данюшава, Мінск і Гомель - здымачная група праехала па тых месцах, дзе засталіся сляды існавання Манюшкі на Беларусі. А таксама наведалася туды, дзе энтузіясты, закаханыя ў музыку Манюшкі, працягваюць (метадычна ці эпізадычна) ладзіць імпрэзы, вечарыны і канцэрты, якія б нагадалі суайчыннікам пра славутага земляка.

“Падрыхтоўка фільма патрабавала ад нас звароту да пэўных біяграфічных крыніц: першых манаграфій пра Манюшку аўтарства Валіцкага, Рудзінскага, асобных артыкулаў музыказнаўцаў па тэме, - працягвае Алеся Зелянко. - І, безумоўна, павінен быў адбыцца дыялог паміж намі і спецыялістамі, якія старанна распрацоўвалі манюшкінскую тэму - звыш 20 даследчыкаў, навукоўцаў і музыкаў прынялі ўдзел у фільме”.

Стужка “Залатыя рыбкі музыкі Станіслава Манюшкі” распавядае пра станаўленне асобы творцы, яго значэнне ў кантэксце беларускай і сусветнай музычнай культуры, пра захаванне памяці кампазітара на яго радзіме. Музычнае аздабленне фільма - кампазіцыі Станіслава Манюшкі ў выкананні ансамбля салістаў “Вытокі”, арганісткі Святланы Немагай, піяніста Юрыя Блінова, салістаў Вялікага тэатра Беларусі Ірыны Кучынскай, Ільі Сільчукова, Юрыя Гарадзецкага, а таксама студэнтаў беларускай кансерваторыі, якія пад кіраўніцтвам Аляксандра Высоцкага прэзентавалі двухактовую оперу Манюшкі “Галька”.

Тэлевізійная прэм’ера адбудзецца 15 чэрвеня ў эфіры “Беларусь 3”, адразу пасля якой гледачы сацыякультурнага тэлеканала паслухаюць святочны канцэрт Вялікага тэатра Беларусі да юбілею славутага кампазітара.