Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Да дня нараджэння Генадзя Гарбука
22 ліпеня 2019

24 ліпеня спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, акцёра тэатра і кіно Генадзя Гарбука.

З 23 па 26 ліпеня а 21:05 на тэлеканале "Беларусь 3" будзе выходзіць 4-серыйная гістарычная драма Сяргея Шульгі "Талаш" ("Беларусьфільм", 2011) паводле аповесці Якуба Коласа "Дрыгва". У галоўнай ролі - Генадзь Гарбук.

Падзеі фільма разгортваюцца на беларускіх землях у канцы 1919 года. Тады часта змянялася ўлада, а Грамадзянская вайна ўшчыльную падабралася да міралюбнай краіны. Бадай кожная сям'я патрапіла ў жорны гістарычных падзей. Васілю Талашу было далёка за семдзесят, калі бяда напаткала яго сям'ю. Дзед Талаш узяў у свае рукі зброю зусім не з палітычных перакананняў: яго роднаму сыну пагражала вялікая небяспека, і толькі ён мог яму дапамагчы. У бязвыхаднай сітуацыі, калі дзіця патрапіла ў рукі да палякаў, бацька адпраўляецца шукаць падтрымкі ў бальшавікоў… 

24 ліпеня тэлеканал "Беларусь 3" пакажа а 15:00 выпуск праекта "Камертон", прысвечаны Генадзю Гарбуку, а ў 21:55 у праграме "Майстры і куміры" - гутарку Генадзя Міхайлавіча і Марыны Драгінай, якая адбылася ў 2017 годзе, пра доўгі творчы шлях народнага артыста Беларусі.