Навіны

Навіны
Танец
Вечары балета на "Беларусь 3"
25 ліпеня 2019

У жніўні кожную нядзелю ў вячэрняй лінейцы "Беларусь 3" тэлегледачоў чакаюць "Балетныя гісторыі", у рамках якіх у эфіры будуць паказаныя чатыры балеты. У ліку спектакляў - нядаўнія тэлепрэм'еры і ўпадабаныя тэатраламі пастаноўкі Вялікага тэатра Беларусі.

Першай балетнай гісторыяй, якую гледачы ўбачаць 4 жніўня а 22:30, стане "Анастасія" - маштабны нацыянальны праект заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Вячаслава Кузняцова. У аснове сюжэта - рэальная гісторыя адважнай княгіні Анастасіі Слуцкай. Аўтар лібрэта - заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Анатоль Дзялендзік.

11 жніўня "Беларусь 3" пакажа харэаграфічнае ўвасабленне на сцэне Вялікага нятленнай шэкспіраўскай трагедыі - балет Сяргея Пракоф’ева "Рамэа і Джульета" ў новай аўтарскай рэдакцыі народнага артыста Беларусі Валянціна Елізар’ева.

18 жніўня ў вячэрнім эфіры - балет Вячаслава Кузняцова паводле п'есы Аляксея Дударава "Вітаўт". Гледачы акунуцца ў чароўную атмасферу старажытных славянскіх летапісаў, персанажы якіх - стрыечныя браты князі Вітаўт і Ягайла - пазмагаюцца за ўладу на беларускіх землях і прыхільнасць прыгожай Ганны.

25 жніўня цыкл "Балетных гісторый" завершыць канцэрт навучэнцаў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа - балет "Шлях да мары".