Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Новыя госці ў праекце "Суразмоўцы"
15 жніўня 2019

24 жніўня ў эфіры тэлеканала “Беларусь 3” пачнецца паказ новых выпускаў праекта “Суразмоўцы”, у якіх пісьменнік Навум Гальпяровіч і запрошаныя госці традыцыйна пагутараць пра актуальны стан айчыннай культурнай прасторы.

У гутарках з гасцямі праекта Навум Якаўлевіч закране актуальныя праблемы сучаснасці, развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры. Праект, як і раней, будзе складацца з трох частак: “сучаснасць”, “размова” і “цытаты”. І гледачы тэлеканала “Беларусь 3” пасля кожнага выпуску змогуць папоўніць свой зборнік афарызмаў, трапных думак і разумных выслоўяў. 

Інтэр’ер Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі таксама застанецца месцам сустрэчы суразмоўцаў з розных гарадоў. Гасцямі праекта ўжо былі прафесар Іван Штэйнер з Гомеля, рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова Дзяніс Дук, краязнаўца Міхась Казлоўскі з Маладзечна. Суразмоўцам новага выпуску праграмы стане вядомы слонімскі паэт, перакладчык і краязнаўца Сяргей Чыгрын. Ён раскажа пра сваю настольную кнігу і параіць творы, якія, на яго думку, павінен прачытаць кожны беларус. Сустрэчу з ім гледачы ўбачаць 24 жніўня а 20:00. 

Праект ужо запрашаў выбітных літаратараў, знаёміў з маладымі аўтарамі, а першым госцем стаў Міністр інфармацыі Беларусі Алесь Карлюкевіч. Вядучы Навум Гальпяровіч як пісьменнік умее ў даверлівай гутарцы даведацца цікавыя факты з біяграфіі калег. Так, Алесь Карлюкевіч распавёў, як працаваў юным сельскім бібліятэкарам. 31 жніўня перад Днём беларускага пісьменства Алесь Мікалаевіч ізноў наведае здымачную пляцоўку праекта, каб сімвалічна падвесці вынікі дасягненняў у інфармацыйна-культурнай прасторы за год існавання праграмы  і расказаць пра асаблівасці свята ў Слоніме.