Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Новы сезон на "Беларусь 3"
2 верасня 2019

Новы сезон на "Беларусь 3" прыўнясе ў эфір адразу некалькі новых праектаў, дакументальных фільмаў і арыгінальных выпускаў вядомых праграм.

7 верасня "Беларусь 3" прапануе  цыкл праграм "Народны майстар", які распавядзе тэлегледачам пра ўладальнікаў звання "Народны майстар Рэспублікі Беларусь". Сёння Саюз майстроў Рэспублікі Беларусь налічвае больш за 700 чалавек, якія прадстаўляюць беларускую творчасць у ганчарстве і разьбярстве па дрэве, пляценні з саломы і лазы, выцінанцы і вышыўцы, тэкстыльнай і абрадавай ляльцы, мастацкім каванні металу і апрацоўцы каменя. Гэтыя людзі, самабытныя і захопленыя, прыйшлі да творчасці рознымі шляхамі. Гісторыя кожнага з іх унікальная і тым ужо цікавая.

Восенню ў эфіры сацыякультурнага канала будзе выходзіць цыкл фільмаў-партрэтаў пра таленавітую моладзь краіны "На вышыні". Лаўрэаты і стыпендыяты фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі сфармулююць правілы свайго жыцця, распісаныя па хвілінах, не толькі падзеляцца падрабязнасцямі зорнай гісторыі, але і распавядуць, як спраўляюцца з бытавымі дробязямі. 

6 кастрычніка гледачоў чакае прэм'ера цыкла праграм "Фарбы памяці" - пра беларускіх мастакоў, якія бачылі на свае вочы Вялікую Айчынную вайну. Для іх гэтая тэма стала адной з асноўных у творчасці.

У новым сезоне выйдзе "Рэдакцыя. Аўтарская праграма Барыса Герстэна". У выпусках вядучы Барыс Герстэн распавядзе  пра самыя яркія праграмы Беларускага тэлебачання,  і гэта будзе аповед з першых вуснаў. Вядучы быў не проста відавочцам стварэння гэтых праектаў, але і сам працаваў над многімі з іх. У "Рэдакцыі" сацыякультурны канал пакажа і раскажа ўсё аб праграмах "Вас выклікае Спартландыя!", "Музычны салон з Элеанорай Язерскай", "Запрашаем на вячоркі" і іншых. Акрамя таго, з дапамогай сучасных мультымедыйных сродкаў праект пазнаёміць з гісторыяй айчыннага тэлебачання, у тым ліку матэрыяльнай - тэхнікай, якую выкарыстоўвалі падчас стварэння праграм дзесяцігоддзі таму. Праграма будзе пабудавана на фондавых матэрыялах Белтэлерадыёкампаніі, інтэрв'ю з удзельнікамі і відавочцамі, а таксама на студыйных здымках.

У тэлесезоне 2019/2020 выйдуць і новыя выпускі ўжо ўпадабаных гледачамі "Беларусь 3" праектаў - "Беларуская кухня", "Спявае Беларусь", "Архітэктура Беларусі", "Я хачу гэта ўбачыць", "Артэфакты".