Навіны

Навіны
Тэатр
"Беларусь 3" правядзе 100 дзён разам з Купалаўскім
24 верасня 2019

З 29 верасня да юбілейнага, 100-га сезона Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы кожную апошнюю нядзелю месяца ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" будзе выходзіць аўтарскі праект Наталлі Бібікавай “Сто дзён з Купалаўскім”. Вядучая і здымачная група канала на працягу ўсяго сезона наведаюць шматлікія рэпетыцыі і чыткі, грымёркі і вытворчыя цэхі, каб паказаць святочныя і штодзённыя бакі тэатральнага жыцця.

У новым праекце гледачы ўбачаць усё тое, што застаецца па-за межамі сцэны, і тых, хто прысвяціў сваё прафесійнае жыццё тэатральнаму мастацтву. Здымачная група зафіксуе знакавы сезон з такіх ракурсаў, якія не заўсёды даступныя шырокай аўдыторыі, і створыць эфект прысутнасці ў купалаўскай сям’і. 

“Малюнак збору трупы быў для мяне галоўным матывам да стварэння праекта, - распавядае Наталля Бібікава. - Убачыць у адной зале ўсіх купалаўцаў, паназіраць за тым, як яны сустракаюць адзін аднаго пасля летняга адпачынку. Дарэчы, раптам падумала: а ў якой яшчэ ўстанове калектыў сыходзіць у адпачынак адначасова?”

Інтэрв’ю з акцёрамі і кіраўнікамі, гастролі і прэм’еры, юбілейныя праекты і акцыі чакаюць гледачоў у праекце “Сто дзён з Купалаўскім”, першы выпуск якога  29 верасня а 22:35 на “Беларусь 3”.