Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны
17 чэрвеня 2020

22 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. З нагоды журботнай даты сацыякультурны канал медыяхолдынга прапаноўвае ўвазе гледачоў тэматычны паказ ваенных кінастужак, запіс рэканструяванага твора Іагана Себасцьяна Баха і прэм'ерны выпуск праекта "АРТ-гісторыі".

У гэты памятны дзень "Беларусь 3" пакажа тры драматычныя стужкі аб лёсах і гераічнасці простых савецкіх людзей у гады вайны: "Пані Марыя" (СССР, 1979) у 10:30 і 18:00, "Па законах ваеннага часу" (СССР, 1982) у 13:20 і 21:55, "Несмяротны гарнізон" (СССР, 1956) у 15:45.

Таксама 22 чэрвеня тэлеканал пакажа трэці сезон праекта "АРТ-гісторыі" - цыкла лекцый пра збор Нацыянальнага мастацкага музея, і першай у 19:30 гледачы ўбачаць лекцыю навуковага супрацоўніка музея Кацярыны Ізафатавай аб беларускіх мастаках, чые творы на тэму Вялікай Айчыннай у свой час не змаглі прыйсці да гледача, таму што выбіваліся з афіцыйнай савецкай эстэтыкі.

Апроч гэтага, з 16 чэрвеня ў будныя дні ў 13:15 і 21:55 у эфіры "Беларусь 3" будзе выходзіць серыял "1941" (Расія, 2009), а напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны - 21 чэрвеня - у 22:45 тэлеканал пакажа рэканструяваны Ёрнам Бойзенам (Германія) твор І. С. Баха "Страсці па Марку" ў выкананні Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь і студэнцкага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Дырыжор - Ёрн Бойзен.

Нагадаем таксама, што 19 чэрвеня 1924 года нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, франтавік, майстар ваеннай прозы, чыя творчасць пакінула значны след у сусветным літаратурным працэсе. З 17 па 19 чэрвеня ў 10:40 і 17:20 сацыякультурны тэлеканал ушануе памяць Васіля Уладзіміравіча паказам 3-серыйнай драмы "Доўгія вёрсты вайны" ("Беларусьфільм", 1975), заснаванай на яго аповесцях "Жураўліны крык", "Атака з ходу" і "На ўзыходзе сонца".