Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Юбілейны выпуск "Наперад у мінулае"
9 ліпеня 2020

12 ліпеня глядзіце на тэлеканале “Беларусь 3” юбілейны, 400-ы выпуск праграмы "Наперад у мінулае". Ужо чатыры сотні беларускіх народных песень набылі другое жыццё дзякуючы сучасным аранжыроўкам Юрыя Вашчука, Кірыла Ермакова, Максіма Осіпава, Арцёма Кандрацюка, Сяргея Сухамліна ды іншых.

За 8 гадоў існавання праекта творчая група "Наперад у мінулае" ў кампаніі з беларускімі зоркамі эстрады праехала ўсю краіну - амаль 100 раёнаў, у тым ліку памежныя вёскі, дзе аўтаматычна падключаўся роўмінг іншых краін (Ляплёўка Брэсцкага раёна - 423 км ад Мінска, Свяцілавічы Веткаўскага раёна - 372 км, Казлы Ельскага раёна - 370 км, Сенькава Верхнядзвінскага – 310 км).

Па ўмовах праекта, носьбіты аўтэнтычнай культуры выконваюць шэраг песень - народных кампазіцый, якіх, дарэчы, за ўвесь час існавання праграмы было запісана прыкладна 2,5 тысячы. А напрыканцы кожнай праграмы ўвазе гледачоў прапануецца новая версія народнай песні ў сучаснай аранжыроўцы, якую выконваюць вядомыя беларускія артысты. Нанова адраджалі гэтыя песні больш за 250 гуртоў і выканаўцаў - ад тых, хто толькі пачынае, да заслужаных і народных. 

"Прыхільнікі нашай праграмы заўважаць, што 400-ы выпуск па форме будзе нагадваць першы: разам са здымачнай групай у фальклорную экспедыцыю накіруюцца кампазітар, аранжыроўшчык Сяргей Сухамлін, а таксама спявак, музыка, кампазітар Аляксандр Сухараў. Дарэчы, менавіта ён прымаў удзел у нашай першай праграме, якая выйшла на Раство - 7 студзеня 2012 года. У рэжыме анлайн яны выберуць песню, на якую і створаць новае музычна-вакальнае аздабленне", - распавядае вядучая праекта Аксана Вечар.

Юбілейны, 400-ы выпуск праграмы "Наперад у мінулае" гледачы тэлеканала "Беларусь 3" убачаць у эфіры ў нядзелю, 12 ліпеня, а 10:00.

На гэтым творчая група праекта не спыняецца. Па словах Аксаны Вечар, кожную вёску можна наведваць шмат разоў і заўсёды вяртацца ў студыю з новым матэрыялам - запісамі народных песень і кадрамі традыцыйных і аўтэнтычных беларускіх абрадаў.