Навіны

Навіны
Кіно
95-годдзе беларускага кіно
15 снежня 2019

17 снежня краіна адзначыць 95-годдзе беларускага кінематографа. Тэлеканал "Беларусь 3" увесь год рыхтаваўся да свята – прапаноўваў тэматычныя праекты і ўшаноўваў у эфіры знакавых дзеячаў нацыянальнага кінамастацтва і лепшыя айчынныя стужкі.

Так, у новым вяшчальным сезоне 2019-2020 у праграме перадач на канале "Беларусь 3" стала яшчэ больш любімых тэлегледачамі беларускіх фільмаў, многія з якіх па праве можна надзяліць залатым статусам, а праграма "Час кіно" пазнаёміла  аматараў дакументалістыкі са многімі сучаснымі беларускімі аўтарамі і іх работамі.

У пачатку снежня сацыякультурны канал запусціў новы штотыднёвы цыкл праграм ад рэжысёра Белтэлерадыёкампаніі Сяргея Кацьера "Кіно маёй краіны", у якім іншы вядомы рэжысёр і сцэнарыст Уладзімір Арлоў дзеліцца сваім прафесійным поглядам на гісторыю беларускага кіно - ад зараджэння да сучаснасці. Дарэчы, здымкі выпускаў вяліся на працягу года на шматлікіх лакацыях, так ці інакш звязаных з кіно, а асаблівы антураж аповедам надаюць архіўныя відэаматэрыялы з фондаў Белтэлерадыёкампаніі і нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

З 16 па 20 снежня "Беларусь 3" прапануе гледачам падборку выпускаў праграм "Майстры і куміры" з удзелам кінаакцёраў Уладзіміра Мішчанчука, Арнольда Памазана, Зінаіды Зубковай і Андрэя Душачкіна.

Гэтымі ж днямі вядучая праекта "Тэатр у дэталях" Наталля Бібікава распавядзе пра спектаклі сталічнага Тэатра-студыі кінаакцёра, сярод якіх  "Пігмаліон", "Безыменная зорка" і "Механічны чалавек".

20 снежня госцем праграмы "Час кіно" стане Уладзімір Бокун, і адразу пасля інтэрв'ю ў эфір выйдзе яго дакументальная стужка "Жанін".

У Дзень беларускага кіно, 17 снежня, на канале "Беларусь 3" будзе прапанаваны тэматычны паказ фільмаў айчыннай вытворчасці, сярод іх  першая частка міні-серыяла "Снайпер. Зброя помсты" ў 08:30 і 18:20, "Анастасія Слуцкая" ў 09:20 і 16:15 і "Кур'еры страху" з цыкла "Дзяржаўная граніца" ў 12:45 і 21:05.

У дзённым эфіры ў 15:50 на тэлеканале выйдзе новы выпуск праграмы "Камертон", героем якога стане рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў.

Вечарам у 22:55 "Беларусь 3" парадуе гледачоў канцэртнай праграмай "Яўген Глебаў. Музыка з кінафільмаў" з любімымі і знаёмымі кожнаму кампазіцыямі.