Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Да юбілею Мархель і Саладухі
10 студзеня 2019

18 студзеня заслужанаму артысту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Саладуху споўніцца 60 гадоў, а 19 студзеня юбілей у народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель. У гэтыя дні тэлеканал "Беларусь 3" прапануе гледачам тэматычныя выпускі праекта "Майстры і куміры" з удзелам ганаровых імяніннікаў, а таксама музычную канцэртную праграму "Гэта шчасце. Спявае Аляксандр Саладуха" і фолк-оперу "Адвечная песня".

У пятніцу, 19 студзеня, а 11:05 тэлеканал "Беларусь 3" пакажа выпуск праекта "Майстры і куміры", госцем якога стане спявак Аляксандр Саладуха. А 15:45 харызматычны артыст парадуе гледачоў сваімі палымянымі кампазіцыямі ў студыйным канцэрце "Гэта шчасце". У праграме можна будзе пачуць як упадабаныя хіты "Здравствуй, чужая милая" і "Виноград", так і новыя песні папулярнага выканаўца.

У суботу, 19 студзеня, у дзень нараджэння актрысы тэатра і кіно Таццяны Мархель "Беларусь 3" пакажа а 22:25 праграму "Майстры і куміры" з удзелам праслаўленай артысткі, успомніць разам з ёй яе лепшыя ролі на сцэне і ў кадры.

Адразу пасля інтэрв'ю з актрысай а 23:20 тэлегледачы ўбачаць фолк-оперу Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі паводле аднайменнай паэмы Янкі Купалы "Адвечная песня", дзе адну з галоўных роляў выконвае Таццяна Рыгораўна. Гэта сучасная беларуская фолк-опера, у якой спалучаюцца народныя матывы і рок-музыка, спекталь пра шлях чалавека пад гэтым сонцам на гэтай зямлі, пра тых, хто даў яму жыццё, сілу, годнасць і веру.