Навіны

Навіны
Навука
Да юбілею Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
8 лістапада 2018

10 і 17 лістапада гледачоў тэлеканала "Беларусь 3" чакаюць спецвыпускі праекта “Навукаманія” да юбілею з дня заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Калі тэлегледачы яшчэ ўпэўненыя, што ўсе таямніцы гісторыі беларускай навукі ўжо адкрыты, то творчая група праекта “Навукаманія” паспрабуе іх пераканаць. З нагоды вялікага юбілея Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 90 год са дня заснавання – тэлеканал падрыхтаваў спецвыпускі навукова-папулярнай праграмы.

У першым выпуску “Навукаманіі”, які тэлегледачы ўбачаць ужо 10 лістапада а 14:05, вядучая Кацярына Бірэцкая распавядзе пра гісторыю стварэння галоўнай навуковай установы краіны: чаму першымі кіраўнікамі беларускай Акадэміі навук былі менавіта гісторыкі, дзе працавалі беларускія навукоўцы падчас Вялікай Айчыннай вайны і як павінен быў выглядаць адзін с самых эфектных будынкаў сталіцы – будынак Акадэміі навук – паводле праекта першага архітэктара. Гледачоў чакае інтэрв’ю с дырэктарам Інстытута гісторыі на тэму супрацьстаяння спробам перапісаць нашу гісторыю, а таксама эксклюзіўны рэпартаж з галоўнага навуковага архіва краіны.

У другім спецыяльным выпуску “Навукаманіі”, які выйдзе ў эфір 17 лістапада а 14:30, Кацярына Бірэцкая зверне ўвагу на развіццё беларускай навукі ў 21 стагоддзі і разам з тэлегледачамі нават “зазірне” ў будучыню – дзякуючы сучасным навуковым распрацоўкам сёння гэта таксама магчыма. У праграме – эксклюзіўнае інтэрв’ю са старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым – вядучая пагутарыць з ім пра новыя распрацоўкі, статус беларускай навукі ў свеце, праблемы кадраў і ўкаранення навуковых даследаванняў у вытворчасці. Акрамя таго, гледачоў чакае знаёмства з адзінай у Беларусі жанчынай-акадэмікам і мноства нечаканых і цікавых фактаў.

Нагадаем, “Навукаманія” – адзіны тэлевізійны сумесны праект Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і тэлеканала “Беларусь 3”. Кожная праграма прысвечана аднаму з напрамкаў у беларускай навуцы.