Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Дзень беларускага кіно
11 снежня 2020

Да Дня беларускага кіно эфір тэлеканала «Беларусь 3» напоўніцца ігравымі і дакументальнымі стужкамі, створанымі ў апошнія гады на студыі «Беларусьфільм», а таксама пазнавальнымі праектамі Белтэлерадыёкампаніі пра гісторыю і сучаснасць айчыннага кіно.

 

Ужо з 15 снежня на нашым канале будзе выходзіць васьмісерыйны тэлефільм «Замах» сумеснай вытворчасці медыяхолдынга і кінастудыі «Беларусьфільм», а рэжысёр Уладзімір Арлоў у праекце «Кіно маёй краіны» раскажа пра беларускія карціны 50-60-х гадоў і дня сённяшняга.

 

17 снежня, у 96-ю гадавіну айчыннага кінематографа, прапануем некалькі сучасных беларускіх ігравых стужак. Сярод іх – драма Маргарыты Касымавай і Івана Паўлава «Глыбокая плынь» паводле раманаў Івана Шамякіна, эксцэнтрычная камедыя Мікалая Князева «Выкрасці Бельмандо» сумеснай вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі і кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама ваенная драма Юрыя Бяржыцкага «Вам – заданне» па матывах рамана Мікалая Чаргінца.

 

Асаблівай увагі ў святочны дзень заслугоўваюць і праекты беларускай кінадакументалістыкі. На нашым тэлеканале можна будзе ўбачыць, бадай, самы кранальны фільм Анатоля Алая «Чорны крумкач», кіно Яўгена Сяцько «Мяжа», а таксама прэмеру дакументальна-біяграфічнай стужкі «Санеты памяці. Кінааператар Таццяна Логінава». Гэтая карціна рэжысёра і прадзюсара Белтэлерадыёкампаніі Сяргея Кацьера прысвечана адной з самых знакамітых жанчын-аператараў ігравога кіно на постсавецкай прасторы, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР, чыёй руцэ належаць адметныя ваенныя, гістарычныя і меладраматычныя стужкі, напрыклад, экранізацыі класікаў айчыннай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і Івана Шамякіна. Зараз Таццяна Логінава жыве на ўтульным хутары, дзе і прыняла здымачную групу медыяхолдынга. Адзначым, што ў фільме выкарыстаны ўнікальныя архіўныя кадры з фондаў Беларускага тэлебачання і прыватных калекцый кінааматараў.

 

Таксама 17 снежня ў праекце «Камертон» адбудзецца сустрэча з рэжысёрам карціны «Глыбокая плынь» Маргарытай Касымавай. А праграмы «Дабраранак» і «Калыханка» раніцай і ўвечары падрыхтавалі тэматычны паказ мультфільмаў беларускай вытворчасці.