Навіны

Навіны
Танец
Фестываль сучаснай харэаграфіі на “Беларусь 3”
14 лістапада 2019

З 18 па 23 лістапада тэлеканал "Беларусь 3" будзе знаёміць сваіх гледачоў з падзеямі XXXІІ Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску IFMC-2019.

Спецыяльныя дзённікі і выпускі праекта "Навіны культуры" - гэта сапраўдны падарунак для аматараў танца, якія не змогуць патрапіць на форум, і магчымасць пазнаёміцца з удзельнікамі нацыянальнай конкурснай праграмы.

Віцебскі фестываль харэаграфіі стаў першым і заставаўся адзіным форумам сучаснага танца на тэрыторыі былога Савецкага Саюза да 1997 года. Міжнародны фестываль у Віцебску заваяваў павагу і аўтарытэт культурнай эліты больш як у 40 краінах свету і сёння з’яўляецца адным з самых прэстыжных форумаў у галіне харэаграфічнага мастацтва на тэрыторыі краін СНД і Еўропы. У 2009 годзе IFMC стаў паўнапраўным членам Міжнароднага савета па танцы пры ЮНЕСКА.

Сёлета на фестывалі выступяць артысты з Беларусі, Бельгіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Расіі, Украіны. Галоўнай падзеяй у гэтым годзе стане беларускі конкурс сучаснай харэаграфіі, падчас якога адбудзецца творчы пошук арыгінальных ідэй, будуць фарміравацца новыя падыходы ў гэтым відзе мастацтва, а таксама запаляцца айчынныя танцавальныя зоркі.

Здымачная група тэлеканала "Беларусь 3" накіруецца ў Віцебск, каб расказаць пра кожны фестывальны дзень. 18 лістапада ў выпусках праекта "Навіны культуры" запланаваны ўключэнні з канцэртнай залы “Віцебск”, дзе адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю і паказ харэаграфічнага спектакля "Ганна Карэніна" Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Вахтангава (Масква).

З 19 па 23 лістапада “Беларусь 3” прапануе гледачам “Дзённікі Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі IFMC-2019” у вячэрні прайм-тайм - 19:00. Вядучы "Дзённікаў" Дзмітрый Карась не толькі пазнаёміць гледачоў з конкурснай праграмай, але і пагутарыць з удзельнікамі, гасцямі і членамі журы, сярод якіх сёлета традыцыйна вядомыя ва ўсім свеце харэографы: старшыня журы, лаўрэат міжнародных конкурсаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны, галоўны балетмайстар акадэмічнага тэатра "Кіеў мадэрн-балет" Раду Паклітару; народны артыст Беларусі, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Канстанцін Кузняцоў; рэжысёр-балетмайстар, дацэнт Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра, харэограф-пастаноўшчык Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Вахтангава Анжаліка Холіна і генеральны менеджар BALLET PRELJOCAJ (Францыя) Ніколь Сейд.

"Мы вырашылі не толькі максімальна паказаць падзеі кожнага дня фестывалю, але і даведацца, на якім узроўні сёння знаходзіцца беларуская харэаграфія. Мне самому як чалавеку з адпаведнай адукацыяй гэта вельмі цікава", - расказаў вядучы "Дзённікаў" Дзмітрый Карась.

Акрамя поўнага асвятлення падзей фестывалю, штодзённа праект будзе рабіць экскурс у яго гісторыю і знаёміць з выбітнымі асобамі і запамінальнымі момантамі мінулых гадоў. Напрыканцы кожнага выпуску гледачоў чакае фрагмент аднаго з яркіх выступленняў за дзень. 

У праграме фестывалю ў гэтым годзе - сусветная прэм’ера балета "Вій" у выкананні акадэмічнага тэатра "Кіеў мадэрн-балет" 19-20 лістапада, танц-спектакль Sweat Baby Sweat бельгійскага харэографа Яна Мартэнса 21 лістапада, адразу дзве прэм’еры Пермскага дзяржаўнага тэатра: "Лабірынт" і "Чалавек паветра" 22 лістапада, а таксама лепшы спектакль Міжнароднага форуму танца ў Дзюсельдорфе Oskara ад іспанскай кампаніі танца KUKAI  DANTZA 23 лістапада. 

Першы выпуск "Дзённікаў" на "Беларусь 3" 19 лістапада а 19:00.