Навіны

Навіны
Мастацтва
Госць праекта "Майстры і куміры" - Уладзімір Арлоў
4 ліпеня 2017

6 мая ў эфіры тэлеканала "Беларусь з" будзе прадстаўлены чарговы выпуск праекта "Майстры і куміры", госцем якога стане рэжысёр, сцэнарыст, драматург, пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Уладзімір Аляксандравіч нарадзіўся 6 студзеня 1938 года ў азербайджанскай сталіцы - Баку. У 1946 разам з бацькам пераехаў у Гродна. Менавіта тут адбылося яго першае сур'ёзнае знаёмства з кіно. Юны Валодзя Арлоў трапіў на здымачную пляцоўку фільма "Міколка-паравоз", да знакамітага беларускага рэжысёра Льву Голубу. Пасля гэтага сумненняў, кім ён жадае стаць, у яго ўжо не было...

З медалём Уладзімір Арлоў скончыў школу. У 1958 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на толькі што створанае рэжысёрскае аддзяленне. Пасля заканчэння інстытута прыйшоў працаваць у творчае аб'яднанне "Тэлефільм" пры Дзяржтэлерадыё Рэспублікі Беларусь.

За 40 гадоў працы на тэлебачанні аўтарам і рэжысёрам Уладзімірам Арловым створаны дзясяткі дакументальных і гульнявых фільмаў, спектакляў, канцэртаў, якія сёння складаюць залаты фонд Белтэлерадыёкампаніі, унікальныя кадры з якіх будуць прадстаўлены ўвазе тэлеаўдыторыі.

У прыватнасці, у эфіры будуць паказаны фрагменты з фільмаў рэжысёра Уладзіміра Арлова, сярод якіх - фільмы-канцэрты "Вясёлы цягнік" (1965), "Мелодыі беларускага кіно" (1964), "Песняры" (1971) і іншыя.

Уладзімір Арлоў узгадае, як праходзілі здымкі, распавядзе пра сваю першую самастойную працу ў якасці рэжысёра. Ён падзеліцца сваёй формулай поспеху і сакрэтам, як яму ўдаецца ўсё паспяваць...

Выпуск праекта "Майстры і куміры" з удзелам Уладзіміра Арлова гледачы тэлеканала "Беларусь 3" убачаць 6 мая а 19:20.