Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Калядны эфір на "Беларусь 3"
3 студзеня 2018

Тэлеканал "Беларусь 3" у калядныя дні парадуе гледачоў тэматычнымі праграмамі і кінапаказам любімых савецкіх кінафільмаў.

У святочныя дні вы зможаце ўбачыць новыя выпускі музычных праграм. А 10:00 вас чакае сустрэча з самымі галасістымі беларускімі сем'ямі ў фальклорным шоу "Хата на хату", а ў 11:25 вядучы праекта "Беларусь як песня" Мікалай Скорыкаў распавядзе пра творчы шлях выбітнай беларускай опернай спявачкі Тамары Ніжнікавай. А 15:35 тэматычны эфір працягне аўтарская праграма Уладзіміра Арлова "Люблю i памятаю" пра беларускага пісьменніка і драматурга Кандрата Крапіву.

А 16:15 гледачы ўбачаць "Вечары на хутары каля Дзіканькі" (СССР, 1961) легендарнага Аляксандра Роу. У іх будзе магчымасць чарговы раз захапіцца ігрой Людмілы Хіцяевай, Георгія Міляра, Сяргея Марцінсона і іншых акцёраў.

Працягне перадкалядны эфір мастацкі фільм "Каханне зямное" (СССР, 1974) а 18:40. А ў 21:05 гледачы ўбачаць другую частку кінастужкі пад назвай "Лёс" (СССР, 1977). Гэтая кінакарціна багатая на сюжэтныя адгалінаванні, у якіх паказаныя лёсы людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны.

7 студзеня, у дзень Нараджэння Хрыстова, аб гэтым светлым свяце распавядзе праграма "Размовы пра духоўнае" а 7:35.

Працягне святочны эфір а 7:45 праект "Святыні Беларусі" аб Свята-Петрапаўлаўскім кафедральным саборы ў Гомелі.

Праграма "Наперад у мінулае" а 10:15 распавядзе аб фальклорнай экспедыцыі творчай групы ў вёску Малая Гарожа Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці

А 11:35 у святочнай праграме "Майстры і куміры" - юбіляр Уладзімір Арлоў. Кінарэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік дзякуючы ўнікальным архіўным відэаматэрыялам Белтэлерадыёкампаніі акунецца ў мінулае і распавядзе пра сваё жыццё і творчасць.

А 22:15 дыктар Беларускага радыё, заслужаны артыст СССР Ілья Курган стане госцем праграмы "Камертон", якая прапануе гледачам эксклюзіўны сюжэт аб творчасці майстра, а таксама больш падрабязна распавядзе пра яго жыццё.

Для дзяцей сацыякультурны канал таксама падрыхтаваў калядныя падарункі. 6 і 7 студзеня маленькія гледачы ўбачаць ранішнія мультфільмы "Мы з Джэкам", "Дзяўчынка і зайцы", "Трапіліся ўсе…", "Дазвольце пагуляць з вашым сабакам", "Рукавіца", "Снегавік-паштальён", а таксама любімая "Калыханка" парадуе хлопчыкаў і дзяўчынак спецыяльнымі выпускамі а 20:40.