Навіны

Навіны
Музыка
Лепшыя песні Алега Молчана на "Беларусь 3"
3 красавіка 2020

11 красавіка кампазітару і прадзюсару Алегу Молчану магло б споўніцца 55 гадоў. Тэлеканал "Беларусь 3" ушануе памяць музыканта дзвюма канцэртнымі праграмамі, запісанымі ў найбуйнейшай студыі Белтэлерадыёкампаніі з нагоды юбілейнай даты. 

Аўтарам ідэі і вядучай канцэртаў выступіла ўдава Алега Молчана - спявачка Ірына Відава. 

11 красавіка а 21:05 на "Беларусь 3" у канцэрце "Алег Молчан - 55" прагучаць эстрадныя творы Алега Уладзіміравіча, знаёмыя нам ужо многія гады: "Беларусь", "Маргарыта", "Падманіце мяне" і іншыя. У запісе юбілейнай праграмы прынялі ўдзел вядомыя выканаўцы і сябры артыста: вакальны ансамбль "Чысты голас", група "Бай Сіці", ансамбль "Гуляй, казак!", Вадзім Касенка, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Кашапараў, Ірына Відава.

18 красавіка а 21:05 "Беларусь 3" прапануе канцэрт-прысвячэнне Алегу Молчану "Я нясу вам дар" з вядомымі харавымі творамі кампазітара, такімі як "Малітва" і цыкл "Я нясу вам дар" на вершы Янкі Купалы, а таксама тымі, якія раней не  гучалі: трапар Божай Маці "Усецарыца" і "Ойча наш". Выканаўцы - Мітрапалічы хор Свята-Духава кафедральнага сабора (дырыжор Віталь Сабалеўскі), акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Андрэя Саўрыцкага, вакальны ансамбль "Чысты голас" і Ірына Відава.