Навіны

Навіны
Літаратура
Месяц беларускага пісьменства на тэлеканале “Беларусь 3”
1 верасня 2017

Дзень беларускага пісьменства сёлета святкуецца разам з 500-годдзем айчыннага кнігадрукавання. Тэлеканал “Беларусь 3” плануе ўвесь верасень прысвяціць беларускай кнізе і нашым пісьменнікам. Гледачоў чакаюць прамыя трансляцыі з Полацка, які сёлета з’яўляецца сталіцай пісьменства, сустрэчы з сучаснымі аўтарамі і тэматычныя выпускі праграм пра класікаў беларускай літаратуры. Дакументальнае і мастацкае кіно ў эфіры сацыякультурнага канала таксама будзе прысвечана гэтаму святу.

2 і 3 верасня творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі будзе працаваць у Полацку, дзе адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства. У рамках адкрыцця гледачы тэлеканала “Беларусь 3” змогуць убачыць 3 верасня ў жывым эфіры а 10:40 мастацка-тэатралізаваную дзею “Беларускі шлях”, а ў 18:35 - прамую трансляцыю ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

“Навіны культуры” на “Беларусь 3”, прысвечаныя святочным мерапрыемствам, ужо з 1 верасня будуць выходзіць з Полацка. Гледачоў чакаюць інтэрв’ю з пераможцамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі і іншымі сучаснымі пісьменнікамі, у тым ліку са старшынёй грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалаем Чаргінцом.

Гэтымі днямі “Беларусь 3” падрыхтуе спецыяльны тэматычны эфір. Сацыякультурны канал пакажа дакументальныя стужкі і тэматычныя праекты пра беларускіх паэтаў, празаікаў і драматургаў. На экране з’явяцца мастацкія фільмы паводле твораў айчынных пісьменнікаў: Янкі Маўра, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, Івана Шамякіна і іншых. Акрамя таго, 2 верасня а 23:05 і 3 верасня а 16:30 гледачы ўбачаць гісторыка-біяграфічную стужку “Я, Францыск Скарына” (“Беларусьфільм”, 1969).

3 верасня з нагоды 90-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка і журналіста Алеся Адамовіча тэлеканал “Беларусь 3” пакажа дакументальны праект “Партызаны” а 15:50, а таксама дзве мастацкія кінастужкі паводле аднайменнай дылогіі аўтара. Першая частка “Вайна пад стрэхамі” (“Беларусьфільм”, 1967) выйдзе а 12:45, а яе працяг – другі кінараман Віктара Турава “Сыны ідуць у бой” (“Беларусьфільм”, 1967) - а 14:15.

Лінейка мастацкіх фільмаў паводле твораў беларускіх класікаў будзе і надалей заставацца ў сетцы тэлеканала кожную суботу і нядзелю, а ў будныя дні гледачоў чакае дакументальнае кіно. 3 верасня а 10:00 у эфіры тэлеканала адбудзецца прэм’ера дакументальнага фільма “Першадрук” (“Беларусьфільм”, 2017), прысвечанага 500-годдзю з дня выдання Францыскам Скарынам кнігі “Псалтыр”. Па выніках Дня беларускага пісьменства тэлеканал “Беларусь 3” таксама створыць дакументальную стужку, якая неўзабаве будзе прапанавана ўвазе гледачоў.

Сярод прэм’ер варта ўзгадаць дакументальны цыкл “Запіскі на палях”. Гэта 16 серый, кожная з якіх будзе прысвечана аднаму беларускаму пісьменніку. Невядомыя старонкі жыцця і тое, што засталося па-за ўрокамі літаратуры, пра Францыска Скарыну, Міколу Гусоўскага, Паўлюка Багрыма, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Танка, Васіля Быкава, Янку Брыля, Алеся Адамовіча, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча. Першая серыя дакументальнага цыкла “Запіскі на палях” пра Івана Мележа - 2 верасня а 10:20 на “Беларусь 3”.

Прэм’ерай верасня таксама стане праект “Ліра” - скарб Беларускага тэлебачання. Аўтарам праекта ўдалося выкарыстаць унікальныя матэрыялы з фонду Белтэлерадыёкампаніі. Дзякуючы відэазапісам, створаным шмат гадоў таму, у гледачоў з’явіцца цудоўная магчымасць убачыць творчыя сустрэчы вядомых беларускіх пісьменнікаў - Андрэя Макаёнка, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча з чытачамі. Творчую сустрэчу з Іванам Шамякіным можна будзе ўбачыць у першым выпуску праекта “Ліра” на тэлеканале “Беларусь 3” 2 верасня а 21:05. Варта адзначыць, што сустрэчы з сучаснымі пісьменнікамі працягваюць папаўняць унікальны відэафонд медыяхолдынга.

У верасні адбудзецца прэм’ера чатырохсерыйнага дакументальнага фільма “Скарына”. Гэта не проста пералічэнне фактаў пра жыццё і творчасць першадрукара, але ў першую чаргу погляд навукоўцаў і журналістаў на шлях, дасягненні, белыя плямы ў біяграфіі Францыска Скарыны. У гэтым фільме на канале “Беларусь 3” будзе шмат пытанняў, адказы на якія адшукае сам глядач. Атмасфера ХVІ стагоддзя будзе створана ў самай вялікай студыі Белтэлерадыёкампаніі “600 метраў” пры ўдзеле беларускіх артыстаў.