Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Першамай у эфіры "Беларусь 3"
23 красавіка 2020

1 Мая да Дня працы канал "Беларусь 3" прапануе тэлегледачам тэматычную падборку савецкага кінематографа і выпускі ўласных праектаў, а таксама адзначыць у эфіры дзень нараджэння выбітных дзеячаў айчыннай культуры. 

Раніцай а 08:25 гледачы ўбачаць музычную камедыю Яўгена Татарскага "Джэк Васьмёркін - "амерыканец" (СССР, 1986) паводле аднайменнай аповесці Мікалая Смірнова. Даведаўшыся, што ў Расіі пасля рэвалюцыі адбыліся змяненні і зямлю зараз можна атрымаць бясплатна, герой стужкі Якаў Васьмёркін, які трапіў падчас Грамадзянскай вайны ў Амерыку, вяртаецца ў родную вёску, каб стаць фермерам. Атрымаўшы з Амерыкі ад сябра Чарлі насенне тытуню "вірджынія", ён пачынае ўпарта працаваць, каб сваімі рукамі дабіцца поспеху.

А 15:40 канал прапануе відэалекцыю "Венера савецкая" з цыкла "Арт-гісторыі", у якой размова пойдзе пра вобраз жанчыны ў савецкім выяўленчым мастацтве.

А 17:50 тэматычны эфір працягне паказ карціны Аляксандра Паўлоўскага "Зялёны фургон" (СССР, 1983) паводле аднайменнай аповесці Аляксандра Казачынскага. Дзеянне фільма адбываецца ў Адэсе ў 1920 годзе. На працу ў крымінальны вышук трапляе юнак з інтэлігентнай сям'і, увесь жыццёвы багаж якога змяшчаўся ў томіку аповесцей і аповедаў пра Шэрлака Холмса англійскага пісьменніка Артура Конан Дойля. Менавіта з гэтай кнігі чэрпаў свае веды пра крыміналістыку герой фільма Валодзя Патрыкееў. І вось Валодзю разам з вопытным бальшавіком пасылаюць на сяло змагацца са спекулянтамі, хабарнікамі, бандытамі і самагоншчыкамі. Так былы гімназіст уступіў у поўнае небяспекі дарослае жыццё.

1 Мая свае дні нараджэння адзначаць вядомыя дзеячы беларускай культуры і мастацтва. Тэлеканал "Беларусь 3" традыцыйна павіншуе імяніннікаў у эфіры. 

Так, а 12:45 на "Беларусь 3" выйдзе інтэрв'ю з цыкла "Майстры і куміры" з удзелам народнай артысткі Беларусі Ядвігі Паплаўскай, а ў 13:55 канал прапануе да прагляду творчы вечар народнай артысткі Беларусі, прымы сталічнага Музычнага тэатра Наталіі Гайды. У 21:05 тэлеканал павіншуе народнага артыста Беларусі, рэжысёра і сцэнарыста Аляксандра Яфрэмава паказам яго ваенна-прыгодніцкага фільма "Снайпер. Зброя адплаты" (Беларусь - Расія, 2009). Паводле  сюжэта, у 1942 годзе пад Сталінградам група старшага лейтэнанта Яшына сутыкаецца з хітрым праціўнікам - нямецкім капітанам Карлам Кляйстам. У падстроенай ім пастцы гіне дзяўчына-снайпер Алеся Мікуліч, а сам Яшын атрымлівае цяжкае раненне. 

Вайна скончана, і Яшын зараз выконвае ролю каменданта ў невялікім нямецкім гарадку. Яго памочнік знаходзіць у будынку старой мануфактуры падазроныя чарцяжы, якія насамрэч аказваюцца чарцяжамі знакамітай нямецкай ракеты ФАУ. Разбірацца ў іх трэба будзе навукоўцу-ракетчыку з Масквы і яго супрацоўніцы Машы Гусевай. Неўзабаве высвятляецца, што сакрэтную лабараторыю ахоўвае група нямецкіх снайпераў пад кіраўніцтвам Карла Кляйста. У Яшына ёсць магчымасць адпомсціць за сваё забітае каханне.