Навіны

Навіны
Гісторыя
Праект "Жывая культура" - другі выпуск
15 чэрвеня 2018

Глядзіце ў гэту суботу а 10:30 праект "Жывая культура". Гэтым разам каманда тэлеканала "Беларусь 3" наведала вёску Гудзевічы Мастоўскага раёна, каб даведацца пра традыцыйныя тэхналогіі ткацтва падвойных дываноў.

У 2011 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь была ўнесена тэхналогія традыцыйнага падвойнага ткацтва вёсак Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці і Падбела Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Цяпер гэта не толькі рэгіянальная, але і нацыянальная каштоўнасць. Тканыя такой тэхнікай дываны выконваліся на шырокіх гарызантальных кроснах. Яны мелі дзве асновы розных колераў, злучаных між сабою толькі ў контурных абрысах двухбаковага малюнка. Малюнак раўнамерна размяркоўваўся па галоўнаму полю дывана і па яго бардзюрах, каб надаць тканіне большую звязанасць і неразрыўнасць. Каб выканаць разнастайныя ўзоры, ткачыха шляхам ручнога выбірання малюнка самастойна кампанавала задуманую кампазіцыю. Яе можна ўвесь час удакладняць, відазмяняць розныя дэталі і элементы. Такую вялікую колькасць цікавых і непаўторных арнаментальных і сімвалічных форм можна стварыць толькі ў падвойным выглядзе, што немагчыма паўтарыць у іншых тэхніках ткацтва.