Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Тэматычны эфір з нагоды народзінаў дзеячаў культуры

На тыдні з 25 па 31 мая асаблівасцю эфіру на тэлеканале "Беларусь 3" стане тэматычны паказ праектаў уласнай вытворчасці з нагоды дзён нараджэнняў і юбілеяў вядомых дзеячаў савецкай і беларускай культуры.

Так, "Беларусь 3" павіншуе з днём нараджэння спевака і кіраўніка ансамбля "Песняры" Леаніда Барткевіча, паэта і перакладчыка Уладзіміра Карызну, эстрадную спявачку Тамару Раеўскую і артыстку оперы Наталлю Рудневу паказам у эфіры партрэтных тэлефільмаў і праграм з цыклаў "Камертон", "Майстры і куміры" і "Беларусь як песня"

Акрамя гэтага, сацыякультурны тэлеканал медыяхолдынга ўспомніць і памерлых майстроў мастацтваў. Так, 25 мая споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння кінарэжысёра Юрыя Ягорава, і ў гэты дзень а 10:30 і 18:05 будзе паказана яго меладрама "Простая гісторыя" (СССР, 1960).

26 мая "Беларусь 3" ушануе памяць выбітнага джазавага імправізатара, трубача і кампазітара Эдзі Рознера ў яго 110-ю гадавіну спецыяльным паказам праектаў "Люблю і памятаю"  а 9:25 і "Беларусь як песня" а 10:10.