Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Тры знакамітыя імяніннікі на "Беларусь 3"
26 красавіка 2018

1 мая да дня народзінаў Наталлі Гайда, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Яфрэмава сацыякультурны канал медыяхолдынга падрыхтаваў да эфіру выпускі праграм “Беларусь як песня” і “Майстры і куміры” з удзелам ганаровых імяніннікаў.

Дзякуючы буйным архівам фонду і спецыяльным праектам Белтэлерадыёкампаніі у глядачоў і слухачоў медыяхолдынга ёсць выдатная магчымасць вандраваць па старонках гісторыі беларускай культуры. Так, тэлеканал “Беларусь 3” запрашае правесці выходны дзень разам с трыма таленавітымі асобамі і прапануе ўспомніць самыя яркія і знакавыя падзеі іх творчага жыцця.

У 12.50 будзе паказана праграма “Беларусь як песня”, прысвечаная прымадоне беларускай аперэты, народнай артыстцы Беларусі Наталлі Гайда. Вядучы праекта Мікалай Скорыкаў, як звычайна, жыва і з цеплынёй прадставіць гераіню выпуску, а архіўныя запісы з фонду Белтэлерадыёкампаніі дазволяць тэлегледачам атрымаць асалоду ад голасу і майстэрства легендарнай артысткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Выпуск праекта “Майстры і куміры” з удзелам народнай артысткі Беларусі Ядвігі Паплаўскай выйдзе ў эфір у 16.40. У кампаніі з нязменнай вядучай праграмы Марынай Драгінай спявачка пабачыць сябе на студыйным экране і з вышыні пройдзенага творчага шляху ўзгадае вехі свайго прафесійнага станаўлення – ад славутых “Верасоў” да статусу незгасальнай зоркі беларускай эстрады.

У вячэрнім эфіры тэлеканала ў 23.50 будзе паказаны выпуск праекта “Майстры і куміры”, героем якога стаў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік мінскага Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандр Яфрэмаў.