Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Велікодныя трансляцыі і праграмы на "Беларусь 3"
6 красавіка 2020

Тэлеканал "Беларусь 3" важныя духоўныя дні перад Вялікаднём прапаноўвае правесці дома. Па просьбе Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-Каталіцкай царквы на чале з архіепіскапам Тадэвушам Кандрусевічам у адзін з ключавых дзён Страснога тыдня - Вялікі чацвер - а 19:00 на тэлеканале пачнецца прамая трансляцыя набажэнства з архікафедральнага касцёла Прасвятой Дзевы Марыі ў Мінску.

Святое Велікоднае Трыдзенства на Страсным тыдні працягнецца на "Беларусь 3" прамой трансляцыяй набажэнства і ў Вялікую пятніцу, 10 красавіка. Пачатак - а 19:00

У гэты ж дзень а 23:20 каталікоў Беларусі чакае прамая трансляцыя Хрэснага шляху з удзелам Папы Рымскага Францыска. Падчас святочнага шэсця, якое штогод праходзіць у Страсную пятніцу напярэдадні Вялікадня, удзельнікі зробяць 14 прыпынкаў. Менавіта столькі зрабіў Хрыстос, калі паднімаўся да месца свайго распяцця. Цырымонія праходзіць каля старажытных сценаў Калізея і суправаджаецца рэлігійнымі разважаннямі і малітвамі, якія зачытваюцца падчас шэсця. 

12 красавіка а 08:00 святочнай велікоднай раніцай тэлегледачы ўбачаць праграму "Размовы пра духоўнае", тэма якой "Вялікдзень - Светлае Хрыстова Уваскрэсенне".

А 16:20 для каталіцкіх вернікаў адбудзецца спецыяльная прамая трансляцыя з Ватыкана, дзе Велікоднае пасланне і благаславенне "Граду і свету" дашле Папа Рымскі Францыск. Тэкст паслання заўсёды арыгінальны і непаўторны для мільёнаў каталікоў па ўсім свеце.

А 17:00 тэлеканал "Беларусь 3" пакажа музычную праграму Франсіса Пуленка - кантату Stabat Mater, якую ў студыі Белтэлерадыёкампаніі "600 метраў" выканалі Сімфанічны аркестр і Акадэмічны хор медыяхолдынга. 

Музыкантам удалося перадаць драматургію, закладзеную кампазітарам, праз узаемадзеянне двух калектываў, у якім хор выступіў выдатным абрамленнем сімфанічнага аркестра. 

Малітоўны характар твора перадалі павольны тэмп некаторых частак і спевы хору без аркестравага суправаджэння. Дырыжыраваў музычнымі калектывамі Белтэлерадыёкампаніі Вільгельм Кайтэль, з якім медыяхолдынг даўно і плённа супрацоўнічае.