Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Юбілейны выпуск "Жывой культуры"
23 сакавіка 2020

28 сакавіка тэлеканал "Беларусь 3" прапануе гледачам 50-ы выпуск праграмы "Жывая культура". На гэты раз здымачная група вандравала па гарадах Віцебскай вобласці, каб зафіксаваць адзін з элементаў спіса нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі - традыцыю спіральнага саламянага пляцення, захаваную ў Гарадоцкім, Браслаўскім і Верхнядзвінскім раёнах, а таксама ў самім абласным цэнтры.

Тэхніка спіральнага пляцення лічыцца адной з самых старажытных і мае як побытавае, так і дэкаратыўнае прызначэнне. Майстры, дзякуючы якім гэты від народнага мастацтва захаваўся да нашых дзён, і зараз, як некалі нашыя продкі, вырабляюць з саломы самыя розныя прылады - ад кошыкаў і куфараў да капелюшоў і абутку.

Вядучая праграмы "Жывая культура" Кацярына Ваданосава і здымачная група тэлеканала "Беларусь 3" пазнаёміліся з рамеснікамі клуба пры Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры, завіталі ў Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклора і да віцебскіх майстроў культурна-гістарычнага комплексу "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна". Менавіта з дапамогай іх дзейнасці самабытная тэхніка спіральнага пляцення застаецца запатрабаванай, а ў студзені атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. 

"Выпадкова ў Браславе мы пазнаёміліся з Эдуардам Іосіфавічам Угарэнкам, які выкарыстоўвае саламяныя кошыкі спіральнага пляцення, зробленыя яго дзедам сто гадоў таму. І да гэтага часу ён захоўвае ў іх цыбулю ды моркву. Цікава, што самыя старажытныя вырабы сваёй формай нагадваюць гліняныя грэчаскія амфары. Гэта значыць, што паміж саломапляценнем і ганчарствам некалі існавала прамая сувязь", - расказвае кіраўнік праекта "Жывая культура" Надзея Габец.

Дарэчы, з 1 чэрвеня 2018 па 1 сакавіка 2020 года ў эфір выйшлі 49 праграм з цыкла "Жывая культура". Кожны выпуск - асобны элемент спіса нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, уключанага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, які сёння складаецца з 92 элементаў. У канцэпцыі праекта - ахапіць усе элементы спіса, нават тыя, што будуць дапаўняцца з цягам часу. Ствараючы жывую відэаэнцыклапедыю, каманда "Беларусь 3" ужо праехала 35 тысяч кіламетраў па нашай краіне, наведала больш чым 200 вёсак і гарадоў, запісала каля 250 інтэрв’ю з носьбітамі і захавальнікамі народных традыцый. 

Юбілейны, 50-ы выпуск праграмы "Жывая культура" гледачы тэлеканала "Беларусь 3" убачаць у эфіры 28 сакавіка а 10:00.