Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Жывая класіка на "Беларусь 3"
15 сакавіка 2019

12 сакавіка адбыліся здымкі канцэртнай праграмы "Stabat Mater", якая стане святочным падарункам усім вернікам напярэдадні Вялікадня 20 красавіка. Вядомы рэлігійны твор на музыку Франсіса Пуленка прагучыць у эфіры тэлеканала “Беларусь 3” у выкананні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі” і сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Дырыжор - Вільгельм Кайтэль.

Вядома больш за 200 варыянтаў музычных кампазіцый на сярэднявечны каталіцкі тэкст "Stabat Mater". Сярод кампазітараў XVII-XIX стагоддзяў, якія звярталіся да гэтага твора, - Вівальдзі, Пергалезі, Гайдн, Шубэрт, Рассіні, Дворжак, Вэрдзі. Адным з кампазітараў ХХ стагоддзя, які напісаў кантату "Stabat Mater" для пяцігалоснага хору і аркестра, з’яўляецца французскі піяніст і музычны крытык Франсіс Пуленк. Ён абапіраўся на традыцыйны жанр і стварыў, па яго словах, “заступніцкую малітву” ў дванаццаці частках.

Музычную праграму Франсіса Пуленка "Stabat Mater" у студыі Белтэлерадыёкампаніі “600 метраў” выканалі сімфанічны аркестр і акадэмічны хор медыяхолдынга. Ім удалося перадаць драматургію, закладзеную кампазітарам, праз узаемадзеянне двух калектываў. Хор выступіў цудоўным абрамленнем сімфанічнага аркестра. Малітоўны характар твора перадалі павольны тэмп некаторых частак і спевы хору без аркестровага суправаджэння. Акрамя таго, у канцэрце ўдзельнічала салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Ірына Кучынская, вядомая па ролях у спектаклях “Чароўная флейта” і “Травіята”.

Дырыжыраваў сімфанічным аркестрам і хорам Белтэлерадыёкампаніі Вільгельм Кайтэль, з якім медыяхолдынг даўно і плённа супрацоўнічае. Нагадаем, што менавіта нямецкі дырыжор і імпрэсарыа займаўся арганізацыяй сумеснага праекта Белтэлерадыёкампаніі з легендарнай групай Rammstein. На яго рахунку тур "Disney in concert" з сімфанічным аркестрам медыяхолдынга, музыканты якога выканалі шэраг кампазіцый з вядомых анімацыйных фільмаў. Разам з акадэмічным хорам Белтэлерадыёкампаніі летась Вільгельм Кайтэль гастраляваў з праграмай "Zimmer Tour" па Швейцарыі, Аўстрыі і Гераманіі ды плануе прадоўжыць канцэртны тур сёлета.

Тэлеканал “Беларусь 3” зробіць сапраўдны падарунак сваім гледачам напярэдадні Вялікадня, калі яны змогуць пачуць у жывым выкананні вядомы твор Франсіса Пуленка "Stabat Mater". Акрамя таго, іх чакаюць традыцыйныя жывыя трансляцыі богаслужэнняў, шэсцяў, пасланняў і благаславенняў Папы Рымскага Францыска з Ватыкана і тэматычныя выпускі праграм у гэтыя святочныя дні.