14 сакавіка на сцэне Палаца культуры горада Ліды пройдуць фіналы нацыянальных адборачных тураў міжнародных песенных конкурсаў фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску - 2020". Тэлеканал "Беларусь 3" упершыню пакажа ў прамым эфіры абодва гала-канцэрты.
Нагадаем, адборачныя туры праходзілі ва ўсіх абласных гарадах, а таксама ў сталіцы нашай краіны. Па выніках адборачных тураў двух песенных конкурсаў "Славянскага базару" - XXIX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2020" і XVIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2020" - пададзена 69 заявак ад выканаўцаў.
І зараз надышоў час даведацца імёны пераможцаў. 14 сакавіка гледачы "Беларусь 3" першымі ў тэлеэфіры даведаюцца, хто прадставіць нашу краіну на будучым культурным форуме ў горадзе над Дзвіной. У 12:00 тэлегледачы ў рэжыме live ўбачаць выступленні фіналістаў дзіцячага конкурсу, а ў 17:00 канал прапануе прамую трансляцыю фіналу дарослага адборачнага тура.
XXIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе сёлета з 13 па 21 ліпеня.