21 чэрвеня мы пакажам дакументальны фільм Белтэлерадыёкампаніі «Санеты памяці... Кінааператар Таццяна Логінава», які стаў прызёрам XXX Міжнароднага кінафоруму «Залаты Віцязь» у Севастопалі.
«Санеты памяці» – гэта новая дакументальна-біяграфічная работа Сяргея Кацьера. Карціна прысвечаная Таццяне Логінавай – адной з самых знакамітых жанчын-кінааператараў ігравога кіно на постсавецкай прасторы, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР. Руцэ Таццяны Дзмітрыеўны належаць адметныя ваенныя, гістарычныя і меладраматычныя стужкі, у тым ліку экранізацыі Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і Івана Шамякіна.
У мінулым месяцы стужка «Санеты памяці» атрымала дыплом журы «За нетрывіяльнае рэжысёрскае рашэнне ў жанры творчага партрэта» на міжнародным кінафоруме «Залаты Віцязь». Там яе прэзентавала творчая група – выканаўчы прадзюсар «Беларусь 3», рэжысёр Сяргей Кацьер і аператар Дзяніс Бутылін.
Спецыяльны паказ фільма «Санеты памяці... Кінааператар Таццяна Логінава» адбудзецца на нашым тэлеканале 21 чэрвеня ў 15:40, а затым мы прапануем паназіраць за майстэрскай аператарскай працай Таццяны Логінавай. У 16:30 глядзіце героіка-рамантычную стужку Валерыя Рубінчыка «Вянок санетаў», створаную на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1976 годзе.