Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Гісторыя Хатыні ў нашым эфіры
4 ліпеня 2021

5 ліпеня 1969 года адкрыўся мемарыяльны комплекс «Хатынь». Ён стаў сімвалам памяці ўсіх вёсак Беларусі, спаленых падчас Вялікай Айчыннай вайны разам з жыхарамі. Наш тэлеканал нагадае гісторыю легендарнага помніка з дапамогай дакументальнага цыкла «Хатынь. Вайна без правіл».

Эпізоды праекта – «Прычыны для маўчання», «Каты i ахвяры», «Мемарыял», «Вогненныя пабрацiмы Хатынi» – гэта і самастойныя аповеды, і ў той жа момант адна агульная гісторыя знішчаных вёсак. Мы пакажам Хатынь з яе «Могілкамі вёсак», «Дрэвам жыцця», «Сцяной смутку» ды «Вечным агнём». Наведаем і помнікі «Дальва», «Праклён фашызму».

У запісе дакументальнага цыкла паўдзельнічала каля 20 рэспандэнтаў. Сярод іх – спецыялісты па гісторыі, архітэктуры, архівазнаўстве, філасофіі, псіхалогіі і сацыялогіі. У стужках выкарыстана хроніка часоў, калі знішчылі Хатынь, – сакавіка 1943-а – і сучасная частковая рэканструкцыя тых жахлівых падзей.

Спецыяльны паказ дакументальнага цыкла Белтэлерадыёкампаніі «Хатынь. Вайна без правіл» адбудзецца на нашым тэлеканале з 6 да 9 ліпеня. Глядзіце штодня а 23:25.