Навіны

Навіны
Кіно
4 фільмы тэлеканала”Беларусь 3” прадстаўлены ў конкурснай праграме IX Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў
25 верасня 2025

З 25 па 29 верасня Брэст стане цэнтрам прыцягнення прыхільнікаў айчыннага кінематографа. Горад прыме IX Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў. 64 стужкі будуць паказаны ў рамках пяці конкурсных праграм: гульнявыя, неігравыя, тэлевізійныя, анімацыйныя і студэнцкія фільмы. Асаблівую цікавасць у конкурснай праграме выклікаюць чатыры праекты тэлеканала “Беларусь 3”.

 

Традыцыйна фестываль дае магчымасць аматарам кіно адкрыць для сябе новыя імёны і па-новаму паглядзець на ўжо вядомых майстроў. Гэтая ж мэта аб’ядноўвае і прадстаўленыя ў конкурснай праграме фільмы тэлеканала “Беларусь 3”. Чатыры дакументальныя стужкі распавядуць пра людзей, якія застаюцца “за кадрам”, але чый талент і праца ляжаць у аснове з’яўлення сапраўдных шэдэўраў.

 

26 верасня ў Брэсце ў кінатэатры “Мір” у 14:00 гледачы змогуць зазірнуць у свет кінааператара, які працаваў над знакамітымі карцінамі “Каліна чырвоная”, “Альпійская балада”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і іншымі. Фільм “У кадры і за кадрам. Кінааператар Анатоль Забалоцкі” (2022) – гэта не проста набор фактаў, а лірычнае і шматграннае паведамленне пра жыццё і творчасць мастака, напоўненае яго глыбокімі разважаннямі.

 

У 14:50 у тым жа кінатэатры адбудзецца паказ дакументальнага фільма “Санеты памяці. Кінааператар Таццяна Логінава” (2020). Гэтая стужка – пяшчотны і глыбокі аповед пра адну з самых знакамітых жанчын-кінааператараў ігравога кіно на постсавецкай прасторы. З-пад рукі Таццяны Логінавай выйшлі знакамітыя ваенныя, гістарычныя і меладраматычныя стужкі, у тым ліку экранізацыі класікаў айчыннай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і Івана Шамякіна.

 

Абедзве дакументальныя стужкі прадставіць прадзюсар і рэжысёр Сяргей Кацьер.

 

Наступны дзень, 27 верасня, таксама абяцае быць багатым на адкрыцці. У 14:00 у кінатэатры “Мір” пачнецца паказ фільма “Жыццё маё “Харошкі”. Валянціна Гаевая” (2024), прысвечанага заснавальніцы легендарнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”. Назва стужкі невыпадковая, бо ў кожнай харэаграфічнай праграме Валянціны Гаявой – яе душа і яе разуменне Беларусі. Немагчыма зразумець творчасць калектыву без знаёмства з яго нязменным кіраўніком.

 

У 14:50 гледачам прапануюць дакументальную стужку “Вялікі тэатр. Пра што не ведаюць гледачы” (2023). Кожны, хто калі-небудзь быў у тэатры, бачыў толькі фінальны вынік – бліскучую пастаноўку. Але якім коштам даецца гэтая бліскучасць? Здымачная група назірала за жыццём вялікай тэатральнай сям’і, наведала рэпетыцыі, запісала каментары артыстаў і супрацоўнікаў розных падраздзяленняў. Фільм распавядае пра сучаснаць жамчужыны нацыянальнага тэатральнага мастацтва, пра магчымасці сцэны і падрыхтоўку да кожнага выступлення, пра штодзённую працу. Гэта падарожжа ў закуліссе не толькі тэатра, але і ў свет людзей, якія жывуць ім.

 

Дакументальныя фільмы 27 верасня прадставіць сцэнарыст і рэжысёр Анжэліка Новікава.

 

Конкурсная праграма тэлеканала “Беларусь 3” – гэта не проста дэманстрацыя фільмаў. Гэта цэлая анталогія, прысвечаная людзям мастацтва, іх вечнай адданасці сваёй справе. Пад час правядзення фестывалю кожны мае магчымасць наведаць кінапаказы і стаць сведкай важнай культурнай падзеі.

 

З поўнай праграмай IX Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў можна пазнаёміцца на сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.