Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Фестываль «Маладзечна–2021» хутка ў нашым эфіры
2 чэрвеня 2021

11 і 12 чэрвеня адбудзецца XX Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна–2021». Прапануем пачуць музыку і вершы айчынных аўтараў з дапамогай нашых трансляцый. У эфіры тэлеканала «Беларусь 3» – асноўныя канцэрты форуму, а таксама аператыўныя выпускі навін.

Цягам фестывалю здымачная група «Навін культуры» наведае яго цэнтральныя пляцоўкі і пакажа ўсе сюрпрызы, падрыхтаваныя арганізатарамі. А 12 чэрвеня ў 16:55 аўтары праграмы «Культурны рэпартаж» пагартаюць старонкі дваццацігадовай гісторыі маладзечанскага музычна-паэтычнага форуму.

Галоўнай падзеяй першага фестывальнага дня стане ўрачыстая цырымонія адкрыцця. На ёй запланаваныя ўзнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і прэм’ерная праграма «Талака». Гэтае выступленне ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра прысвецяць памяці пісьменніка Уладзіміра Караткевіча і піяніста, аўтара песень Ігара Паліводы.

Тэлеверсію адкрыцця фестывалю мы пакажам 12 чэрвеня ў 17:20. А ў 21:30 у жывым эфіры з маладзечанскага Летняга амфітэатра – святочны гала-канцэрт закрыцця форуму. Гэта будзе праграма «Маладзечна – насустрач шлягерам», у якой паўдзельнічаюць зоркі беларускай эстрады.