Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Новы праект пра беларускіх кампазітараў
3 лістапада 2021

Генетыка, асяроддзе альбо адукацыя – што абумовіла таленты музычных геніяў з нашай краіны? Раскажам у новым праекце «Кампазітары Беларусі».

М. Аладаў, Я. Глебаў, Я. Цікоцкі, С. Картэс, А. Багатыроў, І. Лучанок, І. Жыновіч, А. Мдзівані – наша зямля ведае шмат майстроў, якія ўзбагацілі не толькі нацыянальнае, але і сусветнае мастацтва. Іх творы з’яўляюцца візітоўкамі Беларусі, вывучаюцца ў музычных школах, кансерваторыях і акадэміях, застаюцца ў рэпертуары шматлікіх калектываў. 

Кожны выпуск праграмы «Кампазітары Беларусі» будзе прысвечаны аднаму аўтару. З крытыкамі, гісторыкамі, дырыжорамі, вакалістамі і інструменталістамі мы даследуем біяграфіі самых вядомых прадстаўнікоў акадэмічнай, фальклорнай і эстраднай музыкі. А найлепшыя калектывы краіны выканаюць іх эталонныя творы.

Першая серыя распавядзе пра кампазітара, дырыжора і педагога, народнага артыста СССР Яўгена Глебава. У сваім аўтарскім метадзе майстар апеляваў да існуючага музычна-гістарычнага поля, дзе здолеў стварыць уласны музычны стыль з найшырэйшым дыяпазонам пачуццяў і настрояў. Разнастайнасць тэм, сюжэтаў, вобразаў і яркасць індывідуальнай манеры зрабілі музыку Глебава выбітнай з’явай сучаснага мастацтва. 

У канцы выпуску прагучыць «Юбілейны марш» Яўгена Глебава ў выкананні Брэсцкага гарадскога аркестра духавой і эстраднай музыкі. Кіраўнік – В. Коваль.

Прэм’еру пакажам 7 лістапада ў 20:10. Глядзіце толькі на «Беларусь 3».