6 і 7 верасня Ліда прыме ХХХIІ Дзень беларускага пісьменства. У святочныя дні тэлеканал “Беларусь 3” прапануе тэматычны эфір. Гледачоў чакаюць аператыўныя выпускі навін, трансляцыі асноўных канцэртных праграм з Ліды, а таксама тэлеверсіі спектакляў і мастацкія стужкі па матывах твораў класікаў айчыннай літаратуры.
Свята беларускага пісьменства было заснавана ў 1994 годзе ў знак ушанавання нацыянальнай культуры, багацця і самабытнасці беларускай мовы. Штогод у першую нядзелю верасня масштабны фестываль збірае гасцей і знаёміць са шматлікімі матэрыяльнымі і духоўнымі каштоўнасцямі краіны. Традыцыйна здымачная група “Беларусь 3” наведае ўсе святочныя пляцоўкі, пазнаёміцца з гасцямі і выступоўцамі і даведаецца, чым будзе здзіўляць Ліда. Усе падрабязнасці – у выпусках “Навін культуры”.
Ключавымі эфірнымі падзеямі пад час правядзення культурнага форуму стануць трансляцыі асноўных канцэртных праграм. Так, 6 верасня ў 12:00 у рэжыме рэальнага часу будзе паказаны гала-канцэрт удзельнікаў розных гадоў Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. У гэты ж дзень у 21:05 увазе гледачоў прапануюць цырымонію ўрачыстага адкрыцця ХХХIІ Дня беларускага пісьменства і святочны канцэрт “Слова Радзімы: моц і прыгажосць краіны”.
Прамая трансляцыя цырымоніі ўрачыстага закрыцця фестывалю і святочнага канцэрта адбудецца на “Беларусь 3” 7 верасня ў 14:00.
На працягу двух дзён праграма сацыякультурнага канала будзе складацца з мастацкіх фільмаў і тэлеверсій спектакляў паводле твораў беларускіх літаратараў, а ў міжпраграмных перапынках прагучаць вершы на роднай мове.
У тэматычнай падборцы гульнявых стужак – “Вайна пад стрэхамі”, “Сыны ідуць у бой”, “Міколка-паравоз”, “Вазьму твой боль”, “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Белыя росы”. Акрамя гэтага, запланаваны паказ айчынных мультфільмаў “Магістр вольных мастацтваў. Францыск Скарына” і “Я тайну ў глыбіні душы хаваю… Максім Багдановіч”.
Першыя выхадныя верасня падораць гледачам “Беларусь 3” выдатную магчымасць дакрануцца да свету айчыннага тэатральнага мастацтва і атрымаць асалоду ад пастановак па матывах вядомых твораў В. Быкава, А. Дударава і Я. Купалы. У эфір выйдуць тэлеверсіі спектакляў “Альпійская балада” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, “Не пакідай мяне...” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і “Паўлінка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
7 верасня ў 18:00 сацыякультурны канал пакажа дакументальны фільм “Уладзімір Караткевіч. Народжаны для кахання”. Чаму папулярны пісьменнік, якога называлі першым рамантыкам краіны, доўгі час заставаўся самотным, як складваліся яго ўзаемаадносіны з жанчынамі і хто здолеў сагрэць сэрца халасцяка? Рамантычную гісторыю класіка распавядзе дакументальная стужка.
ПРЭС-СЛУЖБА
БЕЛТЭЛЕРАДЫЁКАМПАНІІ