Тэлеканал “Беларусь 3” падрыхтаваў цыкл з дзесяці тэлеперадач пад назвай “Залатая калекцыя”. У праекце сабраны лепшыя канцэртныя праграмы ў выкананні вядучых музычных і харэаграфічных калектываў нашай краіны.
Здымкі адбыліся ў павільёне кінастудыі “Беларусьфільм”, абсталяваным Белтэлерадыёкампаніяй сучаснымі тэлевізійнымі тэхнічнымі сродкамі. Праект “Залатая калекцыя” – гэта не толькоі сапраўдная энцыклапедыя беларускай музычнай і харэаграфічнай творчасці, але і прыклад вышэйшага дасягнення ў тэлевытворчаці.
Так, у рамках новага праекта Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча прадставіць адразу дзве свае праграмы. Першая – “Кола часу” – праз народныя абрадавыя песні і вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі адлюструе чатыры пары года. Другая праграма, “Бацькоўскі край”, аб’яднае самыя розныя народныя песні – ад лірычных да каляндарна-абрадавых, якія будуць выкананы як у сучасных аранжыроўках, так і ў аўтэнтычнай форме, што дазволіць гледачам паглыбіцца ў багацце музычнай спадчыны.
Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” прапануе гледачам харэаграфічны спектакль “Полацкі сшытак”, пастаўлены на старажытную беларускую музыку XVI–XVII стагоддзяў. Цікава, што гэтыя ўнікальныя мелодыі былі знойдзены ў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. А ў праграме “Зімачка” майстры танца з дапамогай арыгінальных вакальна-харэаграфічных пастановак перададуць асаблівую атмасферу зімовых беларускіх святаў і абрадаў.
Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І. Жыновіча пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора, заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Крамко запрашае ў падарожжа па “Знаёмых мелодыях” папулярнай кінамузыкі. А ў праграме “Беларуская фантазія” аркестр прадставіць інструментальныя фантазіі на тэмы беларускіх народных песень і музыкі беларускіх кампазітараў.
Спецыяльна да знакавай даты – 100-годдзя беларускага радыё – падрыхтаваны канцэрт “Радыё-хіты”. Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Высоцкага выканае вядомыя творы беларускіх кампазітараў У. Алоўнікава, Я. Глебава, І. Лучанка і іншых.
Канцэртная праграма “Маладыя таленты” прадставіць тэлегледачам юных музыкантаў – пераможцаў аднайменнага радыёконкурсу. Яны выступяць пад акампанемент сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі.
У рамках пректа “Залатая калекцыя” ансамбль народнай музыкі “Бяседа” пад кіраўніцтвам кампазітара, народнага артыста Беларусі Леаніда Захлеўнага падорыць лепшыя нумары, створаныя на аснове беларускіх народных песень розных жанраў: лірычных і жартоўных, прысвечаных сямейным святам і народным абрадам.
Фальклорны гурт “Купалінка” выканае праграму “Песні роднай старонкі”, у якую ўвайшлі народныя песні “Лявоніха”, “Бывайце здаровы”, і аўтарскія творы “Мой родны кут”, “Белавежская пушча” ў сучаснай вакальна-інструментальнай апрацоўцы.
Цыкл “Залатая калекцыя” – гэта не проста серыя якасных канцэртаў, створаных сучаснымі тэлевізійнымі сродкамі, гэта маштабная творчая акцыя, якая пашырыць шэраг прыхільнікаў беларускай культуры і захавае творчую спадчыну.
Прэм’ера праекта “Залатая калекцыя” на тэлеканале “Беларусь 3” адбудзецца ў навагоднія святы.