11 кастрычніка тэлеканал “Беларусь 3” распачне паказ новага цыкла культурна-асветніцкіх праграм “Акадэмія мастацтваў. Дэбют”. Праект раскажа, як нараджаецца новае беларускае кіно і хто стаіць за яго стварэннем.
Сумесны праект тэлеканала “Беларусь 3” і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў знаёміць з маладымі рэжысёрамі, аператарамі і іх дыпломнымі працамі. “Акадэмія мастацтваў. Дэбют” пакажа ўвесь шлях маладога аўтара – ад задумы і выбару тэмы да здымак, мантажу і першага паказу. Гэта магчымасць пазнаёміцца з тымі, хто ўжо заўтра будзе вызначаць аблічча сучаснага беларускага кіно.
Героямі праекта сталі сем выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія робяць свае першыя сур’ёзныя крокі ў кінавытворчасці.
У кожным выпуску праекта “Акадэмія мастацтваў. Дэбют” маладыя аўтары распавядаюць пра сябе і свае творчыя пошукі, а пасля запрашаюць да прагляду сваіх дэбютных карцін.
Прэм’ера праекта адбудзецца 11 кастрычніка ў 16:45 на тэлеканале “Беларусь 3”. Героем першага выпуску стане рэжысёр Элан Лыскоў. Ён прадставіць сваю дыпломную карціну “Элегія”.
Праз тыдзень, 18 кастрычніка, гледачы ўбачаць адразу дзве працы. Дана Леончэнка прадставіць дакументальную стужку “Надзея на жыццё”, а Ева Шыбнёва – “Свет беларускага Палесся”.
25 кастрычніка эстафету прымуць Дзяніс Шостак з фільмам “Цікаўнасць” і Ганна Глухотка з карцінай “Дыханне пакаленняў”.
1 лістапада ў чацвёртым выпуску праекта ўвазе гледачоў прапануюць дакументальны фільм Арцёма Глушука “Чалавек Палесся”, а таксама фільм “Фактар жыцця” Марыі Шульман.