Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Трансляцыі велікодных імшаў на "Беларусь 3"
27 сакавіка 2024

31 сакавіка прадстаўнікі каталіцкай канфесіі сустрэнуць Светлае Хрыстова Уваскрэсенне. Трансляцыі святочных богаслужэнняў з Мінска, Рыма і Ватыкана пройдуць у эфіры тэлеканала "Беларусь 3".

28 сакавіка ў Вялікі чацвер у 19:00 тэлеканал "Беларусь 3" пакажа богаслужэнне ў прамым эфіры са сталічнага архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Узначаліць імшу архібіскуп Іосіф Станеўскі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У пятнічным эфіры сацыякультурнага канала адбудзецца трансляцыя Хрэснага Шляху з Рымскага Калізея з удзелам Папы Францыска. Пачатак паказу цырымоніі ў 23:55. Падчас шэсця, якое штогод праходзіць у італьянскай сталіцы ў Вялікую пятніцу, удзельнікі на чале з пантыфікам здзяйсняюць 14 стаянняў, якія ўяўляюць успамін шляху Ісуса Хрыста на Галгофу. Цырымонія суправаджаецца разважаннямі і малітвамі, якія зачытваюцца падчас шэсця.

У святочны дзень 31 сакавіка ў 16:35 у трансляцыі з Ватыкана канал "Беларусь 3" пакажа Велікоднае Пасланне і Благаславенне "Граду і Свету" з удзелам Свяцейшага Айца.