З 31 кастрычніка па 7 лістапада горад на Нямізе стане сапраўдным цэнтрам кінематаграфічнага мастацтва і прыме XXXI Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. А гледачы тэлеканала “Беларусь 3” атрымаюць магчымасць сачыць за галоўнымі мерапрыемствамі маштабнай культурнай падзеі.
31 кастрычніка у Палацы Рэспублікі адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця XXXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Трансляцыю мерапрыемства пакажа “Беларусь 3” у 21:05. Трансляцыю ўрачыстай цырымоніі закрыцця кінафестывалю тэлеканал пакажа 7 лістапада ў 21:05.
У гэтым годзе ў конкурснай праграме ў намінацыі “Нацыянальны конкурс” удзельнічаюць некалькі дакументальных фільмаў тэлеканала “Беларусь 3”. Гэта фільм “Мой дзень Перамогі ў Белавежскай пушчы”, дзе аўтар сцэнарыя і рэжысёр Надзея Габец расказвае пра гісторыю пушчы і пушчанаў праз гісторыю сваёй сям’і. Таксама гледачы змогуць убачыць стужку “Жыццё маё – Харошкі. Валянціна Гаевая” рэжысёра Анжэлікі Новікавай, прысвечаную лёсу чалавека, чыё жыццё цесна пераплецена з гісторыяй харэаграфічнага калектыву. Аб подзвігу нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны раскажа карціна “Сведкі Вялікай Айчыннай вайны” рэжысёра Сяргея Гоцка. І, нарэшце, постаць вечнай заступніцы беларускай зямлі ўвасобіцца ў дакументальным фільме ”Еўфрасіння Полацкая. Святая заступніца Беларусі” рэжысёра Алега Шычко.
Таксама ў рамках кінафестывалю 6 лістапада ў кінатэатры “Перамога” запланаваны пазаконкурсны паказ тэлеверсіі спектакля “Ідыёт”. Гэта сумесны беларуска-сербскі праект Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага і сербскага рэжысёра-пастаноўшчыка і рэжысёра мантажа тэлеверсіі Іваны Жыган, інжынера мантажа Марка Сіміча.
Акрамя таго, каманда “Навіны культуры” рыхтуе шматлікія эксклюзіўныя матэрыялы. Гледачоў чакаюць рэпартажы аб конкурсным кіно, інтэрв’ю з гасцямі і членамі журы фестывалю, цікавыя сустрэчы на галоўных кінапляцоўках Мінска.