Навіны

Навіны
Тэлебачанне
100-гадовы юбілей Андрэя Макаёнка на "Беларусь 3"
6 лістапада 2020

12 лістапада 1920 года нарадзіўся драматург, сцэнарыст, народны пісьменнік БССР Андрэй Макаёнак. Ушанаваннем памяці майстра на "Беларусь 3" стане тэматычны эфір: ігравое кіно па матывах п'есы Андрэя Ягоравіча, унікальны запіс яго творчага вечара, а таксама серыя дакументальнага праекта ўласнай вытворчасці і адмысловыя відэаролікі.

Ужо цяпер у міжпраграмных перапынках гледачоў "Беларусь 3" вітаюць вядомыя дзеячы беларускай культуры: Павел Сапоцька, Рыгор Сітніца, Валерый Анісенка і Аляксандр Суша. У серыі відэазамалёвак "Андрэй Макаёнак. Думкі" яны зачытваюць урыўкі з асабістых успамінаў, дзённікаў і нататак Андрэя Ягоравіча.

12 лістапада ў 10:05 і 21:05 праграма "Запіскі на палях" раскажа цікавыя факты з творчай біяграфіі пісьменніка, а ў 10:35 і 21:30 выйдзе адна з прац Андрэя Макаёнка ў якасці кінасцэнарыста. Гэта экранізацыя п'есы "Лявоніха на арбіце" - народная камедыя Пятра Васілеўскага "Рагаты бастыён", адрэстаўраваная на кінастудыі "Беларусьфільм" у фармаце HD.

У 22:55 "Беларусь 3" прапануе ўбачыць унікальную стужку з фондаў Белтэлерадыёкампаніі - творчы вечар Андрэя Макаёнка "Ліра", запісаны ў студыі медыяхолдынга амаль 40 гадоў таму! Гледачы з першых вуснаў даведаюцца, як Андрэй Ягоравіч працаваў у дзяцінстве пастухом, як знакамітая актрыса Галіна Макарава дзякуючы драматургу атрымала сваю першую галоўную ролю і як пісьменнік ставіўся да тэатральных крытыкаў.

 

Фота: gp.by.