Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Эфіры памяці мэтраў музычнага мастацтва
30 ліпеня 2020

6 жніўня 1938 года нарадзіўся кампазітар, народны артыст Беларусі Ігар Лучанок, аўтар шматлікіх лірычных твораў, якія сталі класікай беларускай эстрады, а 7 жніўня споўніцца 110 гадоў з дня нараджэння музыказнаўца-фалькларыста, народнага артыста БССР Генадзя Цітовіча. З нагоды памятных дат "Беларусь 3" прапаноўвае да прагляду дакументальныя фільмы пра жыццёвы шлях двух майстроў музыкі і тэматычныя канцэртныя праграмы. 

У чацвер, 6 жніўня, а 12:55 асаблівай часткай эфіру тэлеканала "Беларусь 3" стане паказ дакументальнага фільма "Я песен не считаю... Игорь Лученок", знятага Белтэлерадыёкампаніяй у 2018 годзе да юбілею Ігара Міхайлавіча. Адразу пасля біяграфічнай стужкі а 13:30 гледачоў чакае канцэртная праграма з твораў Ігара Лучанка "Мелодыя лёсу", упершыню выкананая Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга на фестывалі беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2018".

Пятнічны эфір 7 жніўня раскажа пра творчы шлях Генадзя Цітовіча ў аўтарскай праграме Уладзіміра Арлова "Люблю і памятаю", якая выйдзе а 12:50, а ў працяг аповеду а 13:35 прагучыць канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. І. Цітовіча пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Дрынеўскага.