Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Новы сезон праекта "Арт-гісторыі"
21 чэрвеня 2020

22 чэрвеня ў эфіры "Беларусь 3" стартуе новы, трэці сезон цыкла адукацыйна-пазнавальных тэлелекцый "АРТ-гісторыі", які працягне аповед аб жамчужынах калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея вуснамі яго навуковых супрацоўнікаў.

Аўтарамі васьмі новых выпускаў праекта, як і раней, выступілі работнікі музея - даследчыкі і мастацтвазнаўцы Дзмітрый Салодкі, Надзея Усава, Дзмітрый Моніч і Кацярына Ізафатава. Пры гэтым праграмы трэцяга сезона адрозніваюцца ад папярэдніх пашырэннем лакацый здымак. Калі раней яны праходзілі толькі ў сценах музея, то зараз творчая група праекта разам з аўтарамі наведала розныя сталічныя аб'екты і некалькі гарадоў нашай рэспублікі, каб прасачыць гісторыю таго або іншага твора мастацтва і лёсы іх аўтараў. 

Першай "АРТ-гісторыяй" трэцяга сезона, якую гледачы "Беларусь 3" убачаць 22 чэрвеня а 19:30, будзе лекцыя Кацярыны Ізафатавай на тэму "Вайна - іншая рэальнасць" пра беларускіх мастакоў, чые творы на тэму Вялікай Айчыннай у свой час не змаглі прыйсці да гледача, таму што выбіваліся з афіцыйнай савецкай эстэтыкі. 

24 чэрвеня канал пакажа лекцыю Дзмітрыя Салодкага "Чырвоны. Код нацыі", у якой аўтар на прыкладах са збору музея распавядзе пра семантыку і ролю чырвонага колеру ў гісторыі беларускага традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, іканапісу і жывапісу.

25 чэрвеня Дзмітрый Моніч распавядзе тэлегледачам загадкавую гісторыю жыцця і творчасці аднаго з самых вядомых і папулярных беларускіх мастакоў першай паловы XIX стагоддзі Яна Дамеля.

26 чэрвеня сацыякультурны канал пакажа лекцыю Надзеі Усавай, у якой яна прасочыць беларускі шлях Вільгельма Катарбінскага і распавядзе гісторыю аднаго з яго пейзажаў, які цудам ацалеў у гады Вялікай Айчыннай вайны і стаў часткай збору Нацыянальнага музея.

Астатнія чатыры новыя выпускі чакаюць гледачоў у верасні. Адзначым, што лекцыі з цыкла "АРТ-гісторыі" і іншыя пазнавальныя праекты даступныя таксама на сайце www.3belarus.by і афіцыйным YouTube-канале "Беларусь 3".