Навіны

Навіны
Тэатр
"Пане Каханку" на "Беларусь 3"
27 чэрвеня 2019

29 чэрвеня "Беларусь 3" упершыню пакажа спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага "Пане Каханку". Гэта мастацкая выдумка драматурга Андрэя Курэйчыка, у цэнтры якой - рэальная гістарычная асоба, беларускі магнат Караль Станіслаў Радзівіл.

"Пане Каханку" - адна з самых відовішчных і яркіх пастановак у рэпертуары тэатра з удзелам вядомых майстроў сцэнічнага мастацтва - Валерыя Шушкевіча, Сяргея Юрэвіча, народнай артысткі Беларусі Бэлы Масумян, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Суцкавера і іншых. 

Дзеянне спектакля адбываецца ў XVIII стагоддзі, пасля I падзелу Рэчы Паспалітай. Галоўны герой Караль Станіслаў Радзівіл атрымаў сваю мянушку Пане Каханку таму, што да ўсіх менавіта так па-добраму і звяртаўся - "пане каханку", гэта значыць "мой дарагі".

Караль Станіслаў Радзівіл - адзін з самых уплывовых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, неардынарная асоба, значная фігура ў нашай гісторыі. Далёка не ўсе згодныя з трактоўкай вобраза галоўнага героя. Уладны, жорсткі магнат, у якога пазычалі грошы каралі, быў закаханы ў простую сялянку? Марыў навучыць беларусаў лётаць? Аднак і гледачы, і крытыкі сыходзяцца ў адным: гэтая пастаноўка - выдатная падзея не толькі ў рэпертуары тэатра імя Горкага, але і наогул на беларускай тэатральнай сцэне.

Гледачы тэлеканала "Беларусь 3" убачаць спектакль "Пане Каханку" ў суботу, 29 чэрвеня, а 22:40.