Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Тэматычны эфір да Міжнароднага дня роднай мовы
17 лютага 2020

21 лютага ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЕСКА адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Тэлеканал "Беларусь 3" далучаецца да акцыі і ў гэты дзень прапануе сваёй аўдыторыі цалкам беларускамоўны эфір з лепшымі тэлепраектамі ўласнай вытворчасці, мастацкімі і дакументальнымі стужкамі на роднай мове.

У пятнічнай праграме "Беларусь 3" гледачоў чакаюць выпускі пазнавальных праектаў, якія адлюстроўваюць самыя розныя бакі нашай спадчыны. Так, праграма "Жывая культура", якая распавядае пра нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці беларусаў, а 07:35 пакажа традыцыйны вясельны каравай на Ваўкавышчыне, а праект "Артэфакты", што разам з гісторыкамі, археолагамі, краязнаўцамі і калекцыянерамі раскрывае гісторыю матэрыяльных артэфактаў, а 10:00 распавядзе пра Статут Вялікага Княства Літоўскага. 

А 10:25 гледачы дзякуючы "Архітэктуры Беларусі" апынуцца ў сядзібе Агінскіх, а "Народны майстар", адна з навінак тэлесезона 2019/2020, прысвечаная сябрам Саюза майстроў Беларусі, а 15:40 прапануе бліжэй пазнаёміцца з жыццём і творчасцю вядомай ткачыхі традыцыйнага беларускага адзення Людмілы Кавалёвай.

Увечары а 23:05 гераіняй фільма-партрэта пра таленавітую беларускую моладзь з цыкла "На вышыні" стане паэтэса Кацярына Масэ, а пасля дакументальны тэлефільм "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака" распавядзе пра творчы лёс сучаснага мастака Паўла Татарнікава.

Сярод фільмаў, якія тэлеканал прапануе да прагляду ў адметны дзень шанавання роднай мовы, - гістарычная драма "Анастасія Слуцкая" ("Беларусьфільм", 2003), народная камедыя "Свежына з салютам" ("Беларусьфільм", 2001), дакументальныя стужкі "Залатыя рыбкі музыкі Станіслава Манюшкі" (Белтэлерадыёкампанія, 2019) да 200-годдзя кампазітара і "Мяжа" ("Беларусьфільм", 2019). Усе фільмы канал адмыслова пакажа на беларускай мове.

Акрамя таго, а 18:45 гледачы ўбачаць юбілейны творчы вечар заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Тамары Міронавай, запісаны медыяхолдынгам 9 лютага ў Купалаўскім тэатры. Праграму вечара складаюць фрагменты спектакляў з удзелам шаноўнай імянінніцы.

Таксама адзначым, што 21 лютага сацыякультурны тэлеканал павіншуе народнага артыста Беларусі дырыжора Міхаіла Фінберга з днём нараджэння - а 12:20 маэстра стане шанаваным госцем праекта "Майстры і куміры", а адразу пасля гледачоў чакае канцэртная праграма "Купала і Колас. Вы нас гадавалі" Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Якаўлевіча.