Навіны

Навіны
Музыка
Вялікі жывы канцэрт гурта "Aura"

15 мая ў прамой трансляцыі з Вялікай студыі Дома радыё на тэлеканале "Беларусь 3" выйдзе аўтарская канцэртная праграма Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай (гурт AURA) "Барані сваё" з удзелам вядомых артыстаў беларускай эстрады. 

Назву канцэрту "Барані сваё" дала аднайменная кампазіцыя, з якой гурт AURA прымаў удзел у сёлетнім Нацыянальным адборы на "Еўрабачанне-2020" і ў якой адлюстравана прынцыповая пазіцыя творчага тандэма. Гэтак жа праз лірыку і жывую музыку разам з дуэтам тэму непаўторнасці нацыянальнай беларускай культуры раскрыюць спецыяльныя госці пятнічнага live-марафона, сярод якіх - народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева, Аляксандр Саладуха, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка і іншыя зоркі эстрады.

"Наш канцэрт складаецца з песень, напісаных за апошнія 15 гадоў, - гаворыць кампазітар і прадзюсар Яўген Алейнік. - Некаторыя з абраных кампазіцый слухачы лічаць замежнымі хітамі, і нават калегі не вераць, што яны - нашага аўтарства".

Спявачка Юлія Быкава прызнаецца: "Усе канцэрты мы граем выключна вялікім саставам. Вось і на гэты раз тэлегледачоў чакаюць цалкам жывы гук і шмат знаёмых песень у выкананні любімых артыстаў".

Канцэртная праграма "Барані сваё" выйдзе ў прамым эфіры "Беларусь 3" 15 мая а 21:55. Трансляцыя будзе даступна і ў інтэрнэце - на сайтах www.tvr.by і www.3belarus.by.