"Звязда", 14.11.2014
Апошні месяц восені на тэлеканале «Беларусь 3» таксама парадуе гучаннем народнай песні ў праграме «Наперад у мінулае». У бліжэйшы час гледачы разам з творчай камандай праекта пабываюць у гасцях у Петрыкаўскім і Жыткавіцкім раёнах. Адпаведна 16 лістапада адбудзецца знаёмства з фальклорным ансамблем «Купалінка» вёскі Церабаў, а 23 лістапада прадставіць сваю творчасць у вёсцы Запясочча фальклорны гурт «Запясочанка».
Па добрай традыцыі праграма «Наперад у мінулае» не толькі паказвае творчасць калектываў, але і расказвае пра гісторыю мясцовасці, дзе зарадзілася і працягвае існаваць творчасць аматараў традыцыйнай песні, а таксама цікавыя легенды, звычаі і паданні Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў.
Напрыклад, вы даведаецеся пра вёску Запясочча, якая ў пісьмовых крыніцах вядомая з ХVІІІ стагоддзя як паселішча ў Тураўскай воласці Мазырскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. А пачыналася яна з невялікага ўрочышча. З даўніх часоў вёска складалася з некалькіх частак: гэта Заяцелле (паводле падання, тут пасяліліся людзі, што прыйшлі з‑за ракі Яцель); Дварэц (высокае месца, дзе знаходзіўся замак пана), Ладыча — поле (жыў калісьці ўладыка); Лука, Берыкава ды Масток. А яшчэ пачуеце пра вёску Церабаў Мышанскага сельсавета Гомельскай вобласці, што размяшчаецца на рацэ Трэмля (прыток Прыпяці). Недалёка ад населенага пункта, за дзесяць кіламетраў, знаходзіцца чыгуначная станцыя Мышанка. Паводле легенды, у Мышанцы жыў багаты пан, які наймаў сабе работнікаў з іншых вёсак, а на месцы Церабава ў тыя часы быў вялікі лес і балоты. Паслаў неяк пан тых сялян у балоты, лес церабіць. Выцерабілі яны балота пад паселішча ды пашу, а вёсцы далі назву Церабаў…
І, безумоўна, мы зможам пачуць новыя версіі аўтэнтычных песень. У выпадку з фальклорным ансамблем «Купалінка» выбіраць музычны матэрыял будзе госця праграмы — беларуская спявачка Аляксандра Гайдук (на фота), а прыглядацца да прапанаваных гуртом «Запясочанка» песень будзе ўдзельніца гурта Da Vіnchі Вольга Рыжыкава.
Які выбар зробяць «зорныя» госці праграмы і якую афарбоўку дадуць кампазіцыям, мы зможам убачыць ужо зусім хутка. Таму далучайцеся да прыхільнікаў беларускай песні і не прапусціце фальклорныя вандроўкі «Наперад у мінулае» ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» 16 і 23 лістапада.
Алена ДРАПКО.