Прэса

Прэса 2014
У госці да Коласавых землякоў
17 кастрычніка 2014

У госці да Коласавых землякоў

 Праект «Наперад у мінулае» зноў запрашае вас на чарговыя спатканні па нядзелях. Хочаце пачуць непаўторныя народныя песні? Даведацца, якімі традыцыямі жыве беларуская вёска? Тады не прапусціце новыя выпускі праграмы ў эфіры «Беларусь 3». 19 кастрычніка ў гледачоў будзе шанц пазнаёміцца з народным фальклорным калектывам «Коласавы землякі», пабываўшы ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. А 26 кастрычніка адбудзецца фальклорная экспедыцыя ў вёску Дзятлавічы, дзе пачуеце і пабачыце фальклорны гурт «Вытокі».

 Стаўбцоўшчына — цікавы рэгіён, які размяшчаецца на мяжы трох гісторыка-культурных рэгіёнаў — Цэнтральнай Беларусі, Панямоння і Палесся. Гэта суцэльна лясная зона. Тут паселішчы размяшчаліся толькі па берагах рэк. І сустракаюцца як малыя вёскі ў некалькі двароў, так і вялікія, што, безумоўна, паўплывала і на песенную культуру гэтага рэгіёна. І сёння на Стаўбцоўшчыне можна сустрэць і старажытныя песенныя жанры — каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя песні, і больш нядаўнія спевы абрадавага цыкла. І нават цэлымі «звязкамі» — цікавыя прыпеўкі. Гэта раён Налібоцкай пушчы, раён вялікіх рэк, дзе сустракаюцца некалькі плыняў розных культурных пластоў беларускай традыцыйнай культуры. Раён мяжуе з Гродзеншчынай, і гэта таксама ўплывае на традыцыйную культуру мясцовасці, і ў мове гэтага раёна вельмі шмат акання, што не можа не адбіцца на стылі, — адзначае этнограф Сяргей ВЫСКВАРКА. — Паэтычна-вобразная мова строф песень таксама своеасаблівая. Яны даволі кароткія і вельмі чуллівыя. Стаўбцоўшчына — радзіма Якуба Коласа. І ў яго вершах таксама адбіваліся тыя строфы, якія гучалі ў народнай традыцыйнай культуры. Гэтую культуру трэба захоўваць у яе першасным выглядзе. Каб наступныя пакаленні маглі бачыць яе такой жа, якой можам бачыць і чуць мы сёння.

 Аказаўшыся ў філіяле літаратурнага музея Я. Коласа «Смольня», дзе ў 1912 годзе адбылася першая сустрэча беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, зможаце пачуць любімую песню маці Коласа ў выкананні народнага фальклорнага калектыву «Коласавы землякі», даведацца пра традыцыі і песенную спадчыну гэтага рэгіёна. А ў выніку пачуеце арыгінальную версію адной з аўтэнтычных песень. Яе будзе выбіраць Вольга Плотнікава. Таму не забудзьце ўключыць тэлеканал «Беларусь 3» 19 кастрычніка ў 11.10 альбо паглядзець паўтор праграмы 23 кастрычніка ў 15.30.

 А ў нядзелю 26 кастрычніка ў той жа час праект «Наперад у мінулае» зноў завітае на Палессе. І гледачы змогуць пабачыць і пачуць не толькі песні і танцы ў выкананні фальклорнага гурта «Вытокі», але і даведацца пра мясцовыя адметнасці ў абрадах, традыцыях. І, як заўсёды, пачуць, якой атрымаецца адна з народных песень у сучаснай апрацоўцы і ў выкананні гасцей праграмы — дуэта Лесі Кодуш і Вячаслава Нагорнага. А 30 кастрычніка ў 15.30 «Беларусь 3» пакажа вандроўку ў Дзятлавічы ў паўторным выпуску праграмы.